
Усё гэта адбывалася за добрыя дваццаць гадоў да майго нараджэння. Калi я хадзiў у школу, Салярыс, зыходзячы з выяўленых пазней фактаў, ужо была прызнана планетай, на якой маецца жыццё - праўда, усяго толькi адзiн насельнiк...
Другi том Х'юза i Эйгеля, якi я гартаў амаль механiчна, пачынаўся сiстэматыкай, гэткай жа арыгiнальнай, як i забаўнай. У класiфiкацыйнай таблiцы стаялi па чарзе: тып - палiтэрыi (Роlitеriа), род - суклетныя (Sуnсуtiаliа), клас - метаморфныя (Меtаmоrрhа).
Нiбыта нам было вядома Бог ведае колькi экземпляраў гэтага гатунку, у той час, як прадстаўнiк быў толькi адзiн, праўда, важыў ён семнаццаць бiльёнаў тон.
Пад маiмi пальцамi мiльгалi каляровыя дыяграмы, квяцiстыя графiкi, спектральныя аналiзы, якiя дэманстравалi тып i тэмп асноўнага абмену, яго хiмiчныя рэакцыi. Чым далей я залазiў у тоўсты том, тым больш на яго мелаваных старонках было матэматыкi; можна было меркаваць, што нашыя веды пра гэтага прадстаўнiка класа метаморфных, якi ляжаў, спавiты цемрай чатырохгадзiннай ночы, за некалькi сотняў метраў пад сталёвым дном Станцыi, надзвычай дасканалыя.
На самай справе яшчэ не ўсе прыйшлi да думкi, цi "iстота" гэта наогул, ужо не кажучы пра тое, цi можна назваць Акiян разумным. Я паставiў тоўсты том на палiцу i дастаў наступны. Ён складаўся з дзвюх частак. Першая была прысвечана вынiкам эксперыментаў, праведзеных пад час бясконцых спробаў наладзiць кантакт з Акiянам. Гэтая спроба, я добра памятаў яшчэ са студэнцкiх гадоў, выклiкала бясконцыя анекдоты, кпiны i досцiпы; у параўнаннi з тымi джунглямi, у якiя завяло вучоных пытанне пра кантакт, нават сярэдневяковая схаластыка здавалася зразумелым i даступным акадэмiчным курсам, якi не выклiкае цяжкасцей. Другую частку тома, у якой была амаль тысяча трыста старонак, займала толькi бiблiяграфiя прадмета. Арыгiнальная ж лiтаратура, напэўна, не змясцiлася б у пакоi, дзе я сядзеў.
