
Такая думка матэматыкаў. Iхнiя гiпотэзы былi акрэслены аднымi як грэбаванне чалавечымi магчымасцямi, як пакланенне нечаму, чаго мы яшчэ не разумеем, але што дае падставы сказаць пра аднаўленне старадаўняй дактрыны "Ignоrаmus еt ignоrаbimus"*; другiя ж лiчылi, што ўсё гэта шкодныя i бясплодныя байкi, што ў гiпотэзах матэматыкаў праяўляецца мiфалогiя нашых дзён, якая бачыць у вялiзным мозгу, усё адно - электронным або плазматычным, вышэйшую мэту iснавання, суму быцця.
* "Мы не ведаем i не даведаемся" (лац.).
А яшчэ некаторыя... Зрэшты, даследнiкаў i пунктаў погляду было бясконцае мноства. Але акрамя пошукаў кантакту iснавалi i iншыя галiны салярыстыкi, дзе спецыялiзацыя стала гэткай вузкай, асаблiва за апошнюю чвэртку веку, што салярыст-кiбернетык i салярыст-сiметрыядолаг з цяжкасцю разумелi адзiн аднаго. "Як жа вы дамовiцеся з Акiянам, калi адзiн з адным дамовiцца не можаце?" неяк жартам спытаўся Вейбеке, якi ў час маiх студэнцкiх гадоў з'яўляўся дырэктарам Iнстытута; у гэтым жарце было шмат праўды.
Акiян невыпадкова быў аднесены да класа метаморфных. Яго рухомая паверхня магла даваць пачатак сама розным формам, зусiм не падобным на зямныя, прычым мэтанакiраванасць - адаптацыйная, пазнавальная або якая-небудзь iншая - гэтых часам бурных вывяржэнняў плазматычнай "творчасцi" заставалася абсалютнай загадкай.
Ставячы на палiцу том, гэткi цяжкi, што мне давялося падтрымлiваць яго абедзвюма рукамi, я падумаў, што нашыя звесткi пра Салярыс, якiя запаўняюць бiблiятэкi, з'яўляюцца непатрэбным баластам i трэсянкай фактаў, а мы знаходзiмся на тым самым месцы, як i семдзесят восем гадоў таму, калi толькi пачыналi збiраць факты. Зрэшты, сiтуацыя цяпер значна горшая, бо ўся праца гэтых гадоў аказалася марнай.
