
- А мы не будзем капаць! - начальнiк акiнуў прысутных пераможным позiркам. - У праект унесены iстотныя папраўкi. Не марнаваць жа столькi часу на тунель! Дык вось, тунеля не будзе! Мы ўзарвём гару!
- Што? Узрыў?.. Дык гэта ж... - галоўны iнжынер пачаў быў гаварыць, але спалохана змоўк.
На роўным, як стол, полi недалёка ад будаўнiцтва сеў верталёт. З яго гарохам пасыпалiся ўзброеныя салдаты.
- Вось якраз... - сказаў начальнiк будаўнiцтва, кiсла жмурачыся ад яркага сонца i нясцерпнага металiчнага бляску верталёта. - Узрыў... Гэта... - ён махнуў рукой. - Усё зробяць за нас. Вадародная бомба, бамбакрошка... Тэхнiка на мяжы фантастыкi - пякельная машына для патрэб будаўнiцтва. Гара знiкне як дым... Радыяцыi не будзе, а калi нават i будзе, справу завершаць не людзi, а будаўнiчыя аўтаматы.
Галоўны iнжынер мiмаволi зiрнуў на гару. Прыгожая гара, цудоўная, дзiўная. Царыца сярод iншых гор. Уся пакрытая рэлiктавымi соснамi. Ахоўвалася да гэтага часу як помнiк культуры. I вёска каля яе падножжа - таксама помнiк. Вёска, якая захавалася з старажытных часоў... У гэтую гару цяпер упiралася стужка скораснай шасэйнай дарогi. Зручная дарога. Шырыня сто метраў...
Блакiтная стужка цягнулася здалёк. Ад аэрапорта далёка на поўднi, перасякаючы раўчукi i рэкi... А па ёй з мiнiмальнай хуткасцю трыста кiламетраў паiмчацца аўтамабiлi з электроннымi аўтавадзiцелямi...
Каля падножжа гары, парослай векавымi лясамi, цяпер варушылiся цыклапiчныя экскаватары, узвышалiся вежавыя краны. I ўся гэтая машынерыя скрыгатала, хрыпела i ранiла цiшыню бяздушнымi механiчнымi галасамi.
I раптам завыла сiрэна. Як блiзкая зарнiца, сiняву неба прачарцiў чырвоны сцяг. I тут жа машыны пачалi адступленне - адыход ад пазiцый, якiя нядаўна заваявалi. Машыны саступалi месца другiм, яшчэ больш магутным i дасканалым. Грукат выбухаў змоўк. У наступ пайшлi салдаты-мурашкi, адзетыя ў унiформу колеру хакi. А на чале армii павольна рухаўся цягач, увенчаны ярка-чырвоным, як свежая кроў, цылiндрам. Ён поўз проста да дзiркi нядаўна пракапанага тунеля.
