
- Птушынае крыло, таварышы, - сказаў ён, - гэта орган руху, а не дотыку, i, такiм чынам, павiнна быць прыраўнянае да нагi. Адметны знак чалавека рука, прылада, якою ён чынiць усе свае зладзействы.
Птушкi не зразумелi доўгай прамовы Сняжка, але пагадзiлiся з ягоным тлумачэннем, i ўсе нiжэйшыя жывёлы ўзялiся вучыць новы лозунг на памяць. "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна" было напiсана вялiкiмi лiтарамi на гуменнай сцяне над Сямю Запаведзямi. Вывучыўшы нарэшце гэты лозунг на памяць, авечкi пранялiся да яго вялiкiм упадабаннем i часта, лежачы ў полi, яны ўсе разам пачыналi бляяць: "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна! Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна!" i бляялi гэтак, не стамляючыся, цэлымi гадзiнамi.
Напалеон Сняжковымi камiтэтамi не цiкавiўся. Ён сказаў, што выхаванне моладзi - значна важнейшае за ўсё тое, што можна зрабiць для дарослых. Якраз здарылася так, што неўзабаве пасля сенакосу Джэсi i Званочак абедзве ашчанiлiся, спарадзiўшы на свет разам дзевяць здаровенькiх шчанятак. Як толькi яны адвучылiся ад матчынага малака, Напалеон забраў iх ад матак i сказаў, што сам паклапоцiцца аб iхнiм выхаваннi. Ён занёс iх на гарышча, куды можна было трапiць толькi па драбiне з рымарнi, i там трымаў iх у такiм адасобненнi, што ўсе на ферме неўзабаве пра iх забылiся.
У хуткiм часе раскрылася таямнiца таго, куды знiкала малако. Яго дамешвалi штодня ў ежу свiнням. Пачалi ўжо выспяваць раннiя яблыкi, i трава ў садзе была ўсыпаная ападкамi. Усе жывёлы меркавалi як пра нешта само сабой зразумелае, што яблыкi будуць дзялiць на ўсiх пароўну; аднак аднойчы выйшаў загад, паводле якога ўсе ападкi мусiлi сабраць i занесцi ў рымарню на спажытак свiнням. Нехта паспрабаваў наракаць, але нiчога не дапамагло. Усе свiннi былi аднадушныя ў гэтым пытаннi, нават Сняжок i Напалеон. Даць усiм iншым неабходныя тлумачэннi выслалi Вiскуна.
- Таварышы! - закрычаў ён. - Спадзяюся, вы не лiчыце, што мы, свiннi, робiм гэта дзеля эгаiзму або прывiлеяў? Шмат хто з нас папраўдзе не любiць малака i яблыкаў.
