
У студзенi настала суровае надвор'е. Зямля была Цвёрдая, як жалеза, i на полi не было чаго рабiць. У вялiкiм гумне адбывалася шмат сходаў, свiннi займалiся планаваннем працы на наступны сезон. Неяк само сабою склалася, што свiннi, якiя былi вiдавочна разумнейшыя за iншую жывёлу, вырашалi ўсе пытаннi, што датычылi фермы, хоць рашэннi i мелiся быць ухваленыя большасцю галасоў. I гэткi парадак дзеiў бы даволi добра, калi б не спрэчкi памiж Сняжком i Напалеонам. Гэтыя двое разыходзiлiся ў поглядах паўсюль, дзе толькi было магчымае разыходжанне. Калi адзiн з iх прапанаваў засеяць большую плошчу ячменем, дык можна было быць пэўным, што другi запатрабуе большае плошчы пад авёс, i калi адзiн казаў, што тое i тое поле якраз прыдатнае пад капусту, дык другi абвяшчаў, што яно нi на што iншае не надаецца, як на караняплоды. Кожны меў сваiх прыхiльнiкаў, i часам адбывалiся зацятыя спрэчкi. На сходах Сняжок часта перамагаў дзякуючы сваiм блiскучым прамовам, але Напалеону больш удавалася назбiраць сабе аднадумцаў у часе памiж сходамi. Асаблiвы поспех ён меў сярод авечак. Апошнiм часам авечкi ўзялiся бляяць лозунг "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна" калi трэба i калi не трэба, часам перапыняючы сваiм бляяннем Сход. Можна было заўважыць, што яны мелi асаблiвую схiльнасць бляяць свой лозунг у сама важныя моманты Сняжковых прамоў. Сняжок якраз дэталёва вывучыў некалькi старых нумароў знойдзенага ў сядзiбе часопiса "Фермер i жывёлавод" i быў поўны шырокiх планаў розных навiнак i ўдасканаленняў. Ён з веданнем справы гаварыў пра дрэнажныя сiстэмы, сiлас i кампост, выпрацаваў складаны праект, паводле якога ўсе жывёлы мусiлi класцi свой гной непасрэдна ў полi, кожны дзень на новым месцы, каб скарацiць працу на перавозку. Напалеон нiякiх сваiх праектаў не прапаноўваў, а толькi спакойна казаў, што Сняжковы нiкуды не вартыя, i, здавалася, чакаў свайго часу. Але з усiх iхнiх спрэчак найбольш зацятая разгарэлася вакол пытання аб ветраку.
