Напалеон добра ўсведамляў, якiя былi б вынiкi, калi б за агароджаю фермы даведалiся пра сапраўднае становiшча з ежай, i ён вырашыў скарыстаць мiстэра Ўiмпэра, каб пашырыць звесткi адваротнага зместу. З гэтага часу жывёлы не павiнны былi мець нiякiх кантактаў з Уiмпэрам пад час ягоных штотыднёвых вiзiтаў, тым часам некалькi адмыслова вылучаных жывёлiн, у большасцi авечак, падвучылi казаць, нiбы мiмаходзь, у ягонай прысутнасцi, што нормы былi павышаныя. Да таго ж Напалеон загадаў напоўнiць амаль пустыя засекi ў свiрне да краёў пяском, а зверху прысыпаць рэшткамi збожжа i мукi. Прыдумаўшы нейкую патрэбу, Уiмпэра завялi ў свiран i дазволiлi яму зазiрнуць у засекi. Гэтак яго ўвялi ў зман, i ён надалей паведамляў знешняму свету, што Ферма Жывёлаў не мае нястачы ў харчах.

I, аднак, пад канец студзеня сталася вiдавочным, што трэба будзе аднекуль браць збожжа. Гэтымi днямi Напалеон рэдка паказваўся публiчна i ўвесь час праводзiў у сядзiбе, усе дзверы ў якой ахоўвалiся страхотнымi сабакамi. Калi ж ён i выходзiў на свет, дык вельмi ўрачыста, у атачэннi шасцi сабакаў, якiя шчыльна абступалi яго i вурчалi, калi нехта падыходзiў. Часта ён не паказваўся нават нядзельнымi ранiцамi, а пераказваў свае загады праз iншых свiнняў, звычайна праз Вiскуна.

Аднойчы нядзельнай ранiцай Вiскун абвясцiў, што куры, знёсшыся, адразу мусяць здаваць свае яйкi. Напалеон заключыў праз Уiмпэра кантракт на чатырыста яек у тыдзень. За атрыманыя грошы можна было б набыць дастаткова збожжа i мукi, каб пражыць да лета, калi жыццёвыя ўмовы будуць лягчэйшыя.

Калi куры пачулi гэта, яны ўзнялi страшны лямант. Iх i раней папярэджвалi, што iм, магчыма, давядзецца пайсцi на такую ахвяру, але яны не верылi, што гэтак сапраўды будзе. Яны якраз падрыхтавалiся да вясновага выседжвання i скардзiлiся, што забраць цяпер яйкi было б забойствам. Упершыню з часоў выгнання Джоўнза наспявала нешта падобнае на бунт. Узначаленыя трыма маладымi чорнымi мiноркамi, куры зрабiлi рашучую спробу сарваць Напалеонавы планы.



42 из 79