Ён, напрыклад, не ведаў, чаму так бывае, але калi ён ляцеў над вадою на вышынi меншай за палову размаху яго крылаў, дык мог з меншымi намаганнямi даўжэй лунаць у паветры. I такi палёт канчаўся ў яго не звычайным усплёскам ад удару лап аб ваду: яго моцна прыцiснутыя да цела лапы пасля дотыку да паверхнi мора яшчэ доўга пакiдалi роўны след на вадзе. Калi ж ён пачаў з падкурчанымi лапамi планiраваць на бераг, а пасля вымяраць крокамi даўжыню следу па пяску, бацькоў проста жах ахапiў.

- Чаму, Джон, чаму? - дапытвалася мацi. - Чаму ты не можаш быць такi, як усе, Джон? Чаму ты не пакiнеш гэтыя палёты над самай вадой пелiканам i альбатросам? I чаму ты нiчога не ясi? Сынок, ад цябе засталiся пер'е ды косцi!

- Ну i хай сабе пер'е ды косцi, мама. Проста я хачу ведаць, што я магу рабiць у паветры, а чаго - не, от i ўсё. Проста хачу ведаць.

- Паслухай, Джон, - спагадлiва вучыў бацька. - Хутка зiма. Караблёў будзе мала, а верхаводная рыба сыдзе на глыбiню. Калi табе так трэба вучыцца, вучыся здабываць ежу, вывучай яе. Палёты - гэта добра, але ты ж разумееш, што сыты iмi не будзеш. Не забывай: ты лятаеш, каб есцi.

Джонатан паслухмяна кiўнуў. Некалькi дзён потым ён стараўся рабiць тое, што ўсе чайкi, шчыра стараўся: разам з усёй чарадой крычаў i бiўся каля пiрсаў i рыбацкiх суднаў, нырцаваў па кавалкi рыбы i хлеба. Але прымусiць сябе цалкам аддацца гэтаму не мог.

"Якая дурнота, - падумаў ён i знарок адкiнуў з цяжкасцю здабыты анчоўс галоднай старой чайцы, што гналася за iм. - Увесь гэты час я мог бы вучыцца лятаць. Мне гэтак шмат чаму яшчэ трэба навучыцца".

I неўзабаве Джонатан быў зноў адзiн далёка ў бязмежным моры, галодны, шчаслiвы, поўны прагi да ведаў.

Тэмай яго заняткаў была хуткасць, i неўзабаве ён ведаў пра яе куды больш, чым сама быстралётная чайка на свеце.

З вышынi тысячы футаў, шалёна махаючы крыламi, ён рынуўся ў пiке i сцямiў, чаму чайкi не пiкiруюць гэтак крута. Ужо праз шэсць секунд ён ляцеў з хуткасцю семдзесят мiляў у гадзiну, а пры такой хуткасцi крылы трацiлi ўстойлiвасць на ўзмаху.



2 из 28