
Ён адзiн атрымаў усё, чым, як ён калiсьцi спадзяваўся, будзе валодаць уся Чарада, i не шкадаваў той цаны, якую заплацiў за ўменне лятаць. Джонатан адкрыў сабе, чаму такое кароткае жыццё ў чаек, - прычынай таму нудота, страх i злосць; сам ён збавiўся ад гэтых пачуццяў, i жыццё яго было доўгае i сапраўды прыгожае.
I вось аднойчы вечарам, калi Джонатан спакойна i самотна лунаў у сваiм любiмым небе, з'явiлiся яны. Дзве чайкi, што вынырнулi побач з яго крыламi, былi чыстыя, як святло зорак, а ззянне, якое праменiлася ад iх, было лагоднае i сяброўскае ў свежасцi вечаровага неба. Але сама дзiвоснае было ў майстэрстве iхняга лёту: кончыкi iх крылаў увесь час знаходзiлiся на адлегласцi аднаго дзюйма ад яго крылаў.
Не кажучы нi слова, Джонатан наладзiў iм экзамен, якога не ведала яшчэ нiводная чайка. Ён выгнуў крылы i зменшыў хуткасць да мiлi ў гадзiну. Дзве зiхоткiя птушкi запаволiлi палёт разам з iм, i дыстанцыя памiж iмi анi не парушылася. Лятаць павольна яны ўмелi.
Ён склаў крылы, гайдануўся i кiнуўся ў пiке з хуткасцю сто дзевяноста мiляў у гадзiну. Бездакорна захоўваючы шыхт, яны таксама рынулiся ўнiз.
Тады на ўсёй хуткасцi ён скiраваў угору, робячы доўгую вертыкальную запаволеную бочку. З усмешкай яны зрабiлi тое самае.
Ён перайшоў на гарызантальны палёт i, перш чым загаварыць, нейкi час ляцеў моўчкi.
- Ну добра, - сказаў ён. I спытаўся: - Хто вы такiя?
- Мы з твае Чарады, Джонатан. Мы твае браты. - Словы iх гучалi стрымана, але ўпэўнена. - Мы прыйшлi, каб паклiкаць цябе на новую вышыню, туды, дзе твой дом.
- У мяне няма дому. У мяне няма Чарады. Я - Выгнаннiк. Цяпер мы ляцiм каля вяршынi Гары Вялiкага Ветру, i вышэй, чым на некалькi соцень футаў, мне, старому, ужо не падняцца.
