
- А зараз я хацеў бы, каб вы трошкi павучылi мяне рускай мове.
- З задавальненнем, Эцьен.
- Пачнём з гэтага, - сказаў я i разгарнуў паперу перад ёю. - Што тут напiсана?
Яна здзiўлена паглядзела на паперу.
- Тут напiсана, што калi французы прыйдуць у Менск, то ўсё загiне.
Раптам яна ўскрыкнула:
- Божа, што я нарабiла! Я здрадзiла маёй краiне! О, Эцьен, вы не павiнны былi ведаць, што там напiсана. Навошта вы прымусiлi бедную, неразумную дзяўчыну здрадзiць сваёй краiне?!
Я наколькi мог супакоiў яе, сказаў, што гэта не яе вiна, што яе перахiтрыў такi вопытны салдат, як я. Але часу для гутаркi ўжо не было. Са зместу было ясна, што збожжа ў Менску i войскi яго не ахоўваюць. Я пабег да сваiх гусараў, i праз дзесяць хвiлiн мы ўжо iмчалi да Менска. Мы ўварвалiся на галоўную вулiцу i пад крыкi спалоханых мужыкоў i баб пад'ехалi да ратушы.
Божа! Я нiколi не забудуся на тое, што чакала нас. Проста перад намi ў тры лiнii стаялi рускiя грэнадзёры. Яны паднялi свае мушкеты, i грымнуў пярун. Два мае сяржанты, Удэн i Папiет, упалi, да мяне неслiся грэнадзёры.
- Пастка! - закрычаў я. - Нам здрадзiлi! Усе назад!
Але было запозна. З усiх вулiц на нас ляцелi драгуны i казакi. Вялiзны рускi драгун схапiў мяне, i мы пакацiлiся на зямлю. Ён выняў шаблю, каб забiць мяне, але потым перадумаў i ўдарыў кулаком па галаве. Я страцiў прытомнасць. Так я трапiў у палон да рускiх.
Калi я ачуняў, то пашкадаваў, што рускi не забiў мяне. На галоўнай плошчы Менска ляжалi мае забiтыя гусары. Тыя, хто застаўся ў жывых, стаялi каля ратушы пад аховаю сотнi казакаў. Я зразумеў, што мы трапiлi ў пастку. Рускiя дазналiся пра нашую мiсiю i падрыхтавалiся. А я ўварваўся ў горад без усялякае перасцярогi. Нэй даверыўся мне, уся Вялiкая Армiя чакала нас са збожжам, а я не выканаў задання. Я заплакаў.
Рускi драгунскi афiцэр сказаў нешта сваiм салдатам. Да мяне падвялi Фiялку i прымусiлi сесцi ў сядло. Мая левая рука была прывязана да партупеi драгунскага сяржанта. Так я i рэшткi майго атрада выехалi з Менска.
