
Я адхiнуўся ад яе.
- Вы здрадзiлi мне! Вы завабiлi мяне ў пастку. Гэта з-за вас я згубiў свой атрад! Якi ж я дурань, што паверыў жанчыне!
- Не абвiнавачвайце мяне, палкоўнiк. Я руская, i мой абавязак - служыць сваёй Айчыне. Няўжо французская дзяўчына дзейнiчала б iнакш? Калi б я пераклала ўсё дакладна, то вы не паехалi б у Менск. Скажыце, што вы даруеце мне!
Яна стаяла, гледзячы на мяне сваiмi цудоўнымi вачыма, i хаця я думаў пра сваiх салдат, я не мог не дараваць гэтай жанчыне.
- Вось i добра, - сказала яна, - вам шкада сваiх, а мне сваiх. I яшчэ, ваш урок дабрынi i высакароднасцi, якi вы далi сёння ранiцай, не забыты. Адзiн чалавек з таго цi iншага боку не робiць перамогi. Вось вам ключ. У пакоi ёсць яшчэ адны дзверы, праз iх вы трапiце на волю. Iдзiце, палкоўнiк Жарар, я думаю, што мы нiколi больш не ўбачымся.
- Але я не магу.
- Чаму?
- Я даў слова гонару.
- Каму?
- Вам.
- Я вяртаю яго.
Маё сэрца поўнiлася радасцю. Я не даваў слова гонару маёру Сержыну, а Сафi вызвалiла мяне.
- За вёскай вы знойдзеце капiтана Баракава, - сказала яна. - У яго вашая жарабiца i шабля. Не затрымлiвайцеся, неўзабаве развiднее.
Я ў апошнi раз глянуў на Сафi i пабег у халодную ноч. Я не мог прымусiць сябе пацалаваць ёй руку, таму што нават у самых сарамлiвых ёсць гонар. А мой гонар быў паранены яе здрадай.
За вёскай сапраўды стаяў чалавек, якi трымаў маю Фiялку.
- Вы паставiлiся прыхiльна да мяне, - сказаў ён. - Шчаслiва. Bon voyage [шчаслiвай дарогi (фр.)]! Памятайце: пароль - Палтава.
Праз два днi я нагнаў Вялiкую Армiю i зноў стаў часцiнкай жудаснай працэсii, што iшла праз Расейскую iмперыю, пакiдаючы за сабою крывавы след.
Ну, хопiць, сябры. Гэтыя ўспамiны заўсёды прымушаюць мяне плакаць. Калi мы трапiлi ў Варшаву, дык пакiнулi там усё: гарматы, намёты i тры чвэрцi сяброў. Але гонар Эцьена Жарара застаўся з iм. Некаторыя кажуць, што я парушыў слова гонару. Але няхай яны скажуць гэта мне ў твар. Тое, што я расказаў вам, чыстая праўда, i хаця я ўжо стары, але ў мяне хопiць сiлы нацiснуць курок, калi справа тычыцца майго гонару.
Пераклаў з ангельскай Алесь Кудраўцаў
