Шмат агульнага ў гэтых тыпаў. Як цяпер бачу перад сабой Галабэра: непрыгожы перакошаны твар, аднавокi, ускудлачаныя нячэсаныя валасы, зашмальцаваны, пакамечаны касцюм... I вось - такому чалавеку даручылi весцi жаночую рубрыку на радыё. Што прывяло яго на гэтую пасаду? Выпадковасць? Чыясьцi спагада? А можа, насмешка лёсу? Як бы там нi было, гэтае бяздарнае пудзiла, якое цудам пазбегла жабрацкай долi, кожны раз пачынала сваю перадачу з адной i той жа сакраментальнай фразы: "Дарагая, мiлая мадам..." I паверце, ён зусiм не жартаваў. Чалавек стараўся як мог...

Зрэшты, я i сам тады яшчэ верыў у радыё. У тую пару я быў адказным за падрыхтоўку радыёперадач для насельнiцтва аднаго вострава, якi знаходзiцца ў Iндыйскiм акiяне. Сёння я толькi пацiскаю плячыма, калi ўспамiнаю, з якой стараннасцю, з якой любоўю карпеў я тады над апошнiмi паведамленнямi, прыдумваў новыя рубрыкi, падбiраў музыку, кампанаваў перадачы. Паўтаруся: тады я верыў у радыё.

Спачатку праграмы непасрэдна iшлi ў эфiр на кароткiх хвалях. З прычыны аддаленасцi вострава i рознiцы ў часе наша перадача пачыналася ў чатыры гадзiны ранiцы. Два гады давялося мне недасыпаць, уставаць нi свет нi зара i несцiся ў студыю. А потым высветлiлася, што наш перадатчык мог пасылаць радыёсiгналы не далей чым на 50 кiламетраў ад Парыжа...

Пасля гэтага мы пачалi запiсваць перадачы на грампласцiнкi, якiя дастаўлялiся на востраў i ўжо там, на месцы, перадавалiся ў эфiр. Колькi клопату мелi мы ад гэтай праклятай "сiнхранiзацыi" - гэта значыць стыкоўкi пераходаў з адной пласцiнкi на другую. Не буду хвалiцца, але работа гэтая патрабавала неверагоднай дакладнасцi i спрыту.

Пазней я даведаўся, што перадачы нашы выпускалiся ў эфiр з васьмi гадзiн ранiцы па мясцовым часе. А паколькi на востраве рана ўставаць не вельмi любяць, то ставiць нашы пласцiнкi даручылi прыбiральшчыцы-мурынцы. Яна i ставiла iх, як ёй хацелася. I каму была патрэбна наша "сiнхранiзацыя"?!



2 из 14