
Гэтая Найдус напусцiла на ўсе два паверхi дому пiсьменнiка такога смроду, што Максiма Лужанiна цягне ванiтаваць. Найдусяня мочыцца ў порткi, i яго мацi, якая прыехала ў Менск узбагачаць польскую культуру на Лагойскай расейскай мове, нават i не парупiцца памыць сваё абасцанае стварэнне. Дагэтуль я нiколi яе не бачыў i не чуў, што яна ёсць на свеце. З першага спаткання яна пачала мне мiласцiва ўсмiхацца, звысоку i ведаючы сваё вялiкае дастоiнства. З усiмi яна адразу запанiбрата, усiх навучае i ўсюды ўсаджвае свой нос. Пестрака яна называе сваiм таварышам, "з iм я была ў Заходняй Беларусi ў падполлi". Яна высокая, як жэрдка, у акулярах i без сцёгнаў. У сiняй спаднiцы да кален, i на панчохах рагi нейкага бруду. Спаднiца ледзь закрывае каленi i фалдаю ўцiснулася ў зад. Але затое яна адзета "па-эўрапейску" - голыя каленi i вузенькая спаднiчка. Гэтая саранча бесперапынна загаджвае ўсё вялiкае i добрае. Яна ж не хоча быць на сваiм месцы: прадаваць у кааперацыi або - чорт яе ведае, якую ёй даць льга было б работу, чыстую работу яна загадзiць i на горшую лянуецца. Гэтая плойма ацiраецца каля iнтэлiгенцыi i ўсё з прэтэнзiямi. Яна аблiзвае языком словы: лiтаратура, навука, сацыялiзм, камунiзм, паэзiя, драма, чалавецтва, Беларусь, народ, чалавечае шчасце, будучыня, патрыятызм, нацыя... Цяперашнiм часам iх лексiкон узбагацiўся словамi: "усиленный паёк, улучшенное питание, американские подарки через Красный Крест..." Гэта Дастаеўскага Лямшын за раялем. Прыжывальшчыкi i хлебаеды. Так Бэнда33 лез у беларускую крытыку, Клiмковiч34 у беларускую лiтаратуру, Александровiч35 у культуру i грамадскую дзейнасць (сабе на кар'еру), Дадзiёмава ў мастацтва i цэнзуру i Модаль36 усюды, куды толькi льга лезцi.
6 кастрычнiка
Пятнiца. Пiсаў вельмi мала. Горне на сон. Балiць сэрца. Клопат i думкi аб кватэры. Рэня i Iра спяць на падлозе. Учора ўвечары заўважыў, што ногi апухлi да кален.
