Пагiнацыя праведзена толькi да 77-й старонкi, дзе i зроблены апошнi легендарны запiс Божа, напiшы за мяне мае раманы... На фарзацы сшытка аўтограф "Притыцкий". Паводле ўспамiнаў дачкi Кузьмы Чорнага, Рагнеды, Сяргей Прытыцкi i падараваў гэты сшытак "майму бацьку", калi нейкi час жыў разам у Маскве ў гатэлi "Якорь". Мiкалай Карлавiч аддаў сшытак дачцэ, дзе яна занатоўвала любiмыя паэтычныя творы. Потым, калi сшытак спатрэбiўся, аддала яго назад бацьку, папярэдне выразаўшы спiсаныя ёю старонкi.

Запiсы К.Чорнага зроблены пераважна сiнiм атрамантам (хоць пiсьменнiк найбольш любiў чорны атрамант), почырк выразны, буйнаваты (часам, напрыканцы старонкi, запiсы рабiлiся дробнымi лiтарамi, аднак па-ранейшаму выразна).

Сшытак пачынаецца з празаiчных нататак:

с.1-5. Пачатак рамана "Скiп'ёўскi лес" (канчаецца фразай: Няма-ведама дзе ён падзеўся i нiякiя пошукi не ўзвялi следства на праўдзiвую дарогу);

с.6 - пустая;

с.7-16. Другi варыянт пачатку рамана "Скiп'ёўскi лес" (апошняя фраза: Праўдзiвей сказаць, юнацтва яе пачалося разам з вайною. I хоць яна была такая...);

с.18 - пустая;

с.19-22. Трэцi варыянт пачатку рамана "Скiп'ёўскi лес" (апошняя фраза: Пашла яна замуж толькi выбiўшыся з падлеткаў);

с.23-52. Чацвёрты варыянт (самы буйны) пачатку рамана "Скiп'ёўскi лес" (апошняя фраза: Але гэта ўжо было роўна праз два гады), прычым на с.55 ад слоў як свой i вядомы здаўных пачынаецца кавалак тэксту чорным атрамантам.

с.53-77. Дзённiк (прычым памiж старонкамi 54-й i 55-й аркуш выразаны нажнiцамi, аднак пагiнацыя захавана). На с.73 тэкст 5 кастрычнiка. Нiчога не пiсаў... да фразы Беларускай iнтэлiгенцыi бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе iмя i сцiраюць з нашага жыцця беларускi характар уключна напiсаны сiнiм атрамантам; запiсы ад 11 кастрычнiка (с.75) i да канца - чорным атрамантам.

1. Iра, любая мая ўцеха - так па-сямейнаму называлася дачка пiсьменнiка Рагнеда (нарадзiлася 24 лiстапада 1928 г.).



16 из 21