Ён маўчаў... А потым недзе адтуль, здалёк, з невыразнага свету, прыйшла на памяць Аксеня - тая хата з нiзкаю столлю, з глiняным токам, з белаю грубкаю, з парудзелым, нiбы туды зацякла вада, люстэркам, з наклеенымi на сцяну жоўтымi выцвiлымi газетамi, каб не браўся мел. I яна, Аксеня, з распушчанымi квола-мяккiмi валасамi на ложку, прыгожая, ласкавая, як малое дзiця, у той вечар. I ён лавiў яе гарачыя вiльготныя вусны...

Яму стала непрыемна, брыдка за тое далёкае; ён да пякучае цемнаты, да болю заплюшчыў вочы i адкрыў - Аксеня прапала: на сцяне коса калыхалася i дрыжала месячнае святло, нiбы па шыбе сцякала вада. За топкаю перагародкаю ў большай палавiне скрыпнула канапа - там нанач паклалi хлопчыка.

- Iдзi глянь, каб не скiнуўся, - сказала яна, жонка, з тою добраю звычайнаю прастатою, нiбы там спала дачка, але рукi яе доўга не расшчаплялiся ў яго за спiною, мусiць, ад радасцi, што маюць над iм такую ўладу. А потым асцярожна i хутка лавiлi яго, калi ён ссунуўся з ложка i стаў, баючыся так нечакана i раптам адысцiся ад гэтых рук.

Хлопчык спаў, прыцiскаючы да шчакi падушку. I яму, пэўна, снiлася вялiкая i добрая мамiна рука. Коўдра спаўзла на падлогу.

"Няўжо сын?" - нешта перавярнулася ў Ходасавых грудзях: ён нiколi не думаў, што так вырастуць недзе таемна i нязнана яго дзецi. Ходасу стала жаласна i невядома чаму шкада сябе.

"Чаго я стаю, трэба ж накрыць яго", - схамянуўся ён i нагнуўся падняць коўдру; яна была мяккая i цёплая, як мох, той белы, нагрэты на сонцы мох... Даўно i далёка адсюль - пад Моладавам. I з памяцi зноў, як з шэрага густога дажджу, невыразна i мякка выплыў далёкi i светлы Аксенiн твар.

Цяпер Ходасу было сумна i дзiўна, што ён пастарэў, а яна будзе ўсё гэтак прыходзiць да яго, свежая, набрынялая хараством i маладосцю.

I раптам яму да шчымлiвага суму закарцела ведаць, якая яна стала цяпер, i няўжо трывожна-адзiнока, пасля раптоўных светлых слоў, успамiнае яго i ўсё яшчэ любiць. Яму, няведама чаму, хацелася гэтага...

Сярэдзiнаю вулiцы грукацела, падскакваючы заднiмi коламi, фурманка. На парожнiм, разведзеным i без драбiнак возе, укленчыўшы, стаяў малады пругкi цыган з худою нямытаю шыяй. Конь бег трушком, у цыгана за спiною туга надзiмалася чырвоная рубашка.



7 из 9