
Адзiн Архiп, як i раней, горда й непарушна стаяў на горбе i як-бы ўсёй тэй галасьлiвай вакольнай мiтусьнi абыякава сваiм старэчым чубам прыглядаўся. Што яму! Адзiн цi другi кавалак зялеза-асколка, або якая куля ў камель пападзе, кару адшчэпiць. Пападалi-ж i раней. Адно каб пачаў лiчыць, колькi гэта на працягу свайго даўгога веку ранаў перанесьцi давялося. Гэта-ж не навiна. Перажыў тых, сплывуць i гэтыя. Яны, бы той вецер, што аб ягоную карону й магутны камель разьбiваюцца: павухкаюць, за чубы патузаюцца дый пойдуць. Ён-жа быў, ёсьць i будзе: устойлiвы, трывалкi й непарушны.
Цягнулася гэная перапалка доўга й не давала жыць людзям лiтоўскiм. Калi-ж нарэшце адгрымела i адвухкала, калi адплыла чужая хваля, павылазiлi лiтоўскiя з нораў сваiх, ды пайшлi мужчыны на Гараватку парадак рабiць. Трэба-ж было тым, што за "гаймат" дужалiся й тым, што "за веру, цара i ацечаства" ходалiся, у Гараватчыных грудзёх прытулак даць. I апошняе слова зноў было за лiтоўскiмi: "Лезьце, - казалi яны, - у вадну яму! Мы вас от цяпер памiрым. Гэта-ж нявiдана-няслыхана, пазганяў вас сюды чорт на галовы нашы з-за паўсьвету!"
На парытых-паточаных, ваенным хламам засьмечаных грудзёх Гараваткi, вырас падоўжны, быццам той сьцiртаваты капец бульбы, сьвежы курган. Побач ранейшых прыблудаў, што тут вечны супачын сабе знайшлi, трухлець ляглi косьцi новых ахвяраў, што не за свае звадкi Бог ведае адкуль ходацца сюды прыйшлi. Швэды цi Французы, Маскалi, Немцы цi Палякi - усiм роўны прытулак дала беларуская зямля.
