I на зьмену прыходзiлi iншыя думкi. Як-жа гэта сталася, што народ нашы, доўга прыгнятаны-ганьбаваны, пазбаўлены сваёй царквы, навуковых i культурных iнстытуцыяў, арганiзацыяў, даведзены да жахлiвае рабскае галiты, зусiм бязпраўны, так заняволены, што ўжо пазьней, каб выплысьцi з гэтага жахлiвага бяздоньня, мусiў насамперш дамагацца "людзьмi звацца"; як-жа народ гэты ня толькi ператрываў, але й захаваў сваю чыстую, багатую самабытнай культурай, народную душу? Дзе й у чым сакрэт народнае ўстойлiвасьцi?

Адказу давялося шукаць мiж жывых, намi знаных людзей. Гэтыя людзi жылi з намi й побач нас. Трэба было адно ўмець iх бачыць, да iх прыслухоўвацца. У безпрасьветнай цемры яны выглядалi простымi, звычайнымi. Адылi яны розьнiлiся ад iншых тым, што тварылi, вялi як умелi, ды безаглядна змагалiся з чужнiкамi за свой быт i правы. Прыгадайце непiсьменных, можна сказаць, вусных паэтаў i казачнiкаў, вясковых мудрацоў, таленавiтых мастакоў-самародкаў, сьпевакоў, якiм чужнiкамi былi пазачыняныя ўсе дарогi ў людзi. Народны фальклёр гэта-ж ня што iншае, як вялiкi багаж народнага мастацтва й мудрасьцi, якраз во створаны гэтымi людзьмi. У вольнай сваёй дзяржаве, здабыўшы навуку, гэтыя людзi вялi-б за сабой народ, былi-б ягонай славай. Колькi-ж нашых талентаў змарнела, або, выхапленых з народнае гушчы чужнiкамi-калянiзатарамi, пасьля сталася красой i славай чужых дзяжаваў i культураў!

Гэтыя народныя мудрацы й самабытныя творцы якраз i былi тымi жыцьцядайнымi клеткамi, празь якiя ў чужой няволi пульсавала беларуская нацыянальная кроў. Гэта ў найбольшай меры былi тыя ўстойлiвыя каранi, якiх ня мог падсячы чужы барбар-прыблуда. Падчас народных паўстаньняў яны выходзiлi на перадавыя пазыцыi, вялi за сабою народныя масы.

Народныя асiлкi-волаты, трывалкiя й устойлiвыя ў штодзённай злыбядзе, сьцiплыя й гэройскiя ў змаганьнi, мудрыя й непрымiральныя да народных ворагаў, ёсьць славай i натхненьнем наступных пакаленьняў. Цi-ж ня варты яны таго, каб знайсьцi ў нашай лiтаратуры другое нараджэньне?



2 из 205