Адныя парознаму тлумачылi, iншыя згадкамi таямнiцу гэтую раскрыць намагалiся. Калi-б хто й хацеў аб тым назове з усiх бакоў памяркаваць, дык цi не дайшоў-бы ў сваёй галаве, што Гараватка нейкiм чынам параднiлася з "горам", "гараваць" i iншымi з гэтага выводнымi абазначэньнямi. А калi так, то цi трэба яшчэ гаварыць, аб чыiм горы была мова...

III

Тыднi тры ня быў удома Янук. Карцiла яму бегчы. Пакуль да бацькi забяжыцца, словам-другiм iз старымi перакiнецца, пакуль на вечарыну зайдзе, дык вунь як позна будзе. А ноч-жа цяпер кароткая, яе не надточыш. Босыя Януковы ногi, што за дзень за каровамi набегалiся, вунь якiмi нецярплiвымi цяпер сталi i ўжо якнайхутчэй манiлiся з асаднiкавага двара пад бацькаў дом панесьцi. Адылi перш вырашыць трэба было пытаньне: куды йсьцi? Цi гасьцiнцам, ды зрабiць лiшнi кусок дарогi, цi кроiць нацянькi праз Гараватку? Калi-б асьмелiўся нацянькi, можа было-б скарацiць цi не ўтрая дарогу. I трэба-ж было, каб гэтая Гараватка, як на злосьць Януку, упоперак дарогi да бацькоў лягла. Калi-б гэта быў дзень, дык нiякае загваздкi: смаргануў-бы нацянькi й квiта. Цяперака-ж пакуль перабяжыш поле Лазоўскага, там праз мокрадзь ля канавы перабярэсься, зарасьнiкi мiнеш, што з гэным вялiкiм борам лучылiся, ды на Гараватку ўзьлезеш, дык глядзi колькi часу мiне.

Янук кiнуў вокам на захад. Сонца закулiлася ўжо за зубата-кашлатую карону бору, зьнiзу ярка пазалочваючы пер'е рэдзенька расьцярушаных па небе хмарынак. Ужо шарэла. Марудзiць няма калi. Потная левая рука сьцiскала тры малыя манэты ў кiшэнi даматканых зрэбных портак. Тапсiк, зьеўшы страву й вылiзаўшы старанна чарапок, аблiзваўся й пазiраў на хлопца, трымаючыся напагатове, каб спадарожнiчаць. Пастух зiрнуў на сабаку й наважыўся. "Маючы такога добрага таварыша, - думаў ён, - дык хто там будзе чарцей баяцца, калi яны й ёсьцека".

Калi Янук, выбегшы за вароты двору, рушыў у кiрунку Гараваткi, Тапсiк, як ёмкi мяч, кульнуў раптоўна наперад, апiсаў навокал хлопца вялiкае кола ды, радасна брэшучы, скочыў яму на грудзi, намагаючыся лiзнуць у твар. Сабака, вiдаць, здагадаўся, куды сьпяшаўся ягоны гаспадар. Яму таксама карцiла зьбегаць у родную вёску, старыя куты абшнарыць, iз знаёмымi й даўно нябачанымi сябрамi пацяўкаць цi панюхацца.



21 из 205