
- Маўглi, сюды!..
Ён зайшоў на пошту. Па дарозе назад яго думкi аб Франсуазе сталi яшчэ болей змрочнымi. Хоць бы яна была верная. У гэтым ён не сумняваўся, аднак яе какецтва i нават неасцярожнасць надта ўжо кiдалiся ў вочы. А цi быў бы ён шчаслiвейшы з Сабiнай Ламбер-Леклерк? Ён уявiў сабе сад у Пон-дэ-Лёры, дзе яго, маладога хлопца, прымала Сабiна. Увесь горад сцвярджаў, што яны жанiх i нявеста, i самi яны, нiчога аб гэтым не гаварыўшы, былi ўпэўнены, што пажэняцца.
"У Сабiны быў агнявы тэмперамент", - падумаў ён, успомнiўшы, як некалi на танцах яна тулiлася да яго.
Яна была першай дзяўчынай, з якой ён трымаўся смела, мабыць, таму, што адчуваў узаемнасць. Яна была жаданай i любай. Потым з'явiлася Франсуаза, i тады ўсе iншыя дзяўчаты перасталi для яго iснаваць... Цяпер ён прывязаны да Франсуазы. Дзесяць гадоў сямейнага жыцця. Трое дзяцей. Канец мелодыям вясны.
Сустрэўшы яе ў гасцiнай, прыгожую, свежую, у муслiнавым плаццi ў яркiя кветкi, ён забыў пра свой гнеў. Гэта яна, Франсуаза, стварыла iх дом, iх сад, якiмi так захапляюцца госцi. Гэта яна, Франсуаза, угаварыла яго кiнуць завод i выехаць з Пон-дэ-Дёра незадоўга да эканамiчнага крызiсу. Так што, калi ўсё па справядлiвасцi ўзважыць, то яна прынесла яму болей шчасця, чым гора.
