- Эх, братка ты мой, братка! - усмiхаецца дзядуля. - Лацвей табе цяпер казаць, - не тое было ў даўнi час. Быў у нас гэткi адзiн. Бывала, як толькi восень - гарыць гумно ў нашага пана. Згарэла раз, паставiў цераз год другое. Згарэла i тое, паставiў трэцяе. А пасля прыехалi к пану казакi, сагналi ўсiх людзей у двор, выбралi ад кожных дзесяцi сем'яў па чалавеку, разлажылi iх голых на таку ў гумне. Прыйшоў пан, запалiў свечку ўвелькi з добрую качалку i ну па радоўцы падсмальваць задраныя бароды, дый пытаецца: "Не ведаеш, цераз чый грэх спалiлася гуменца ў твайго пана?" - "Ой паночку, змiлуйцеся, не ведаю". Абышоў усiх, а ляжалi ў два рады, як снапы, - i нiхто не ведае... "Ну, то, кажа, як вы такiя святыя, што нiхто з вас не мае грэху, - царства вам нябеснае!" Выйшаў з казакамi за вароты, сказаў заперцi там нягрэшных i запалiць, i гэтае гумно... Божухна-бацюхна! Пан багаты, што яму значыць спалiць гумно (пустое, без хлеба) i страцiць сотнi дзве падданых, калi ў яго лесу таго за колькi дзён вокам не скiнуць, а падданых не адна тысяча. Завылi ўсе людцы, што стаялi ў вокнах, кiнулiся да пана, але не з коллем, а з гаручымi слязьмi, каб не губiў невiнаватых. Плачуць, галосяць, поўзаюць наўкол пана па зямлi, як ракi або чэрвi. "Запальвайце! - крычыць пан. - Мае людзi, мой адказ!" Хацелi ўжо казакi палiць, аж крычыць з гумна адзiн: "Мой грэх!" Выпусцiлi ўсiх, а яго звязалi, павезлi некуды скрозь ноч. Дзейкалi ў нас людзi, што спалiў яго пан у лесе. Можа - праўда, можа - не, толькi ўжо ён прапаў недзе навекi, нiколi не вярнуўся. А начальству пан сыпнуў грошы, каб не слухала людскiх дзейканняў i не шукала чалавека. Сам жа пан быў i начальнiк...

- Каб усiм кагалам кiнулiся на пана, то не прапаў бы чалавек, - спiраецца задуманы хлапец.

- Эх, братка ты мой, братка! - кiвае галавою дзед. - Паглядзiм што-то ўжо будзе з вас, маладых ды бойкiх.

Маўчыць тады, бывала, малады ўнук.



2 из 3