- Вы чулi, як Драўляны Дзядок прарочыў студэнту Люцэфугу, - прамовiў Ротмiстар, - а цяпер раскажу, што прадказаў ён гордаму Фiлосафу.

ГОРДЫ ФIЛОСАФ

Дык вось, быў у тыя часы ў Полацку шкаляр, якога калегi i знаёмыя звалi толькi Фiлосафам, - з тае прычыны, што найбольшую прыхiльнасць ён меў да гэтага прадмета. Мала яму было аўтараў, дазволеных у школах. Ён iмкнуўся розным чынам набыць або прачытаць забароненыя ды антырэлiгiйныя кнiжкi французскiх фiлосафаў. Чытаў ён звычайна ўначы, калi ўсе спалi, а ўдзень i ўвечары апавядаў прачытанае сваiм калегам i пачынаў з iмi дыспуты, у якiх з вялiкiм трыумфам перамагаў.

Даведаўшыся пра гэта, прафесура i ксёндз-прэфект колькi разоў неспадзявана прыходзiлi да яго ў пакой, рабiлi заўвагi, забiралi кнiжкi, на яго вачах кiдалi iх у агонь, а самому прызначалi кару. Але праз гэта ён адно зрабiўся асцярожны, добра хаваў забароненыя кнiжкi i пасля прачытання нiкому нiчога не расказваў.

Калi ён закончыў курс навук, меўся вярнуцца дахаты i здзiвiць свет сваёй адукаванасцю; развiтаўшыся з настаўнiкамi, ён з прыяцелямi пайшоў да Драўлянага Дзядка.

- Скажы, галава мудрага Сакрата, - пытаецца, - цi шмат фiласофскiх твораў я ўжо прачытаў?

- Шмат, шмат, - адказаў Дзядок, - а яшчэ больш прачытаеш, але ў канцы жыцця будзеш найдурнейшы i памрэш дурнем.

Усе, хто там быў, засмяялiся. Шкаляр жа раззлавана плюнуў.

- Лухту вярзе пустая драўляная галава, - сказаў ён i пайшоў.

Пасялiўшыся ў вёсцы, ён не шкадаваў грошай на сваю бiблiятэку. Купляў фiласофскiя творы на розных мовах без разбору. Моладзi, якая часта збiралася ў яго, каб паслухаць пра высокiя матэрыi, ён апавядаў пра цуды, тлумачыў таямнiцы прыроды, якiх сам не разумеў, i быў вядомы там як вучоны чалавек, сапраўдны фiлосаф.

Ён знайшоў сабе яшчэ асiстэнта, нейкага чужаземца (таксама фiлосафа), добра яму плацiў i стварыў усялякiя выгоды. А той, хвалячы яго, называў генiем у фiласофii i, карыстаючыся з яго лёгкавернасцi, дадаваў да свае дурное фiласофii яшчэ i блюзнерствы.



24 из 39