
"Навошта патрэбна гэтае цёмнае падзямелле?" - спытаў я. "Тут, - адказаў пан Гайнар, - лёх i падземны пераход з аднаго месца ў iншае; яны служаць не толькi дзеля ахалоджвання паветра ды збiрання вiльгацi, але i iншая. Ды няхай таго нiколi не будзе. Ты чытаў пра страшэнныя зверствы Гонты i Жалезняка, ведаеш пра напады ягоных гайдамакаў, якiя лiлi кроў па ўсёй Украiне; у выпадку такiх нападаў лабiрынт i таемныя лёхi ў маiм садзе могуць служыць схованкаю для няшчасных жыхароў. Але гэта толькi пры нагодзе; хадзем далей, пакажу яшчэ, зробленае мною".
Мы выйшлi на больш адкрытую мясцовасць у другой частцы саду, спынiлiся каля квадратнае сажалкi, што мела ў шырыню i даўжыню блiзу дзесяцi сажняў, а празрыстая вада была цёмна-жоўтага колеру, накшталт задымленага тапазу; тут я ўбачыў кусты нейкiх раслiн, з вельмi цёмнай зелянiнай.
- Тут фармуюцца мiнеральныя воды, - працягваў расказваць гаспадар, - хоць яны цёмна-жоўтага колеру, але празрыстыя, як найчысцейшы крышталь, i няма ў iх тых страшных iстот, што можна ўбачыць праз павелiчальнае шкло ў кожнай кроплi звычайнае вады. Жыхары Ўкраiны часта наведваюць Адэсу: адны, каб прадаць пшанiцу, а iншыя - дзеля марскiх ваннаў; збываючы прадукты, маюць карысць, а вось шукаючы здароўя на берагах Чорнага мора, - толькi множаць непатрэбныя выдаткi: падарожжа няблiзкае i салёная вада мала дапамагае хворым, а гэтая крынiца будзе выратоўваць ад усiх немачаў; я добра ведаю гэтую мясцовасць.
- I я, - кажу, - маю намер у гэтым годзе наведаць Адэсу, але толькi з цiкаўнасцi.
- Едзеш у Адэсу? Я вельмi рады гэтай нагодзе, бо хачу паслаць туды сёе-тое; вазьмi, калi ласка, адну невялiчкую рэч.
- З вялiкаю ахвотаю, калi не зойме шмат месца.
- Невялiкiя рэчы няшмат займаюць месца.
Сказаўшы гэта, пан Гайнар паклiкаў да сябе хлопца, загадаў яму прынесцi чатыры маленькiя бутэлечкi i папяровае пудэлка, пасля павёў мяне ўглыб яру; мы iшлi мiж кустоў ды высокае травы; у засенi гушчару з-пад узгорка выцякалi дзве чыстыя крынiчкi, нiбы дзве стужкi з чыстага срэбра, i праз колькi крокаў зноў хавалiся пад зямлёю.
