- Адкуль, Мацею, у цябе такiя весткi? Саматнiцкi i цяпер жыве на тым жа хутары, я нядаўна сам яго бачыў.

- Я ведаю, што хтосьцi там жыве, але не ён, бо знаў яго добра. Быў гэта мужчына высокага росту, светлавалосы, досыць прыгожы, а гэты - зусiм iншы, ростам значна меншы, худы, чарнявы i, здаецца, нават старэйшы.

- Гэта Саматнiцкi. Праўда, нiжэйшы, iншы з твару, бо ён цалкам перамянiў цела, а як гэта сталася, ведаю толькi я.

- Дзiўныя рэчы ты апавядаеш, пане Мiкола, - сказаў гаспадар. - Усiм нам цiкава ведаць, якiм гэта чынам можа чалавек змянiць сваё аблiчча.

- Рэч немагчымая, незразумелая, надзвычайная i нечуваная, але так было.

- Аднак растлумач жа нам гэтую загадку! - закрычалi ўсе госцi. - Бо нiхто з нас адгадаць яе не можа.

- I я таямнiцу не зразумеў ва ўсiх дэталях, але пра тое толькi раскажу, што бачылi, i пра тое, што ён сам нядаўна расказваў.

У часе тае лютае халеры, ведаеце самi, Саматнiцкi быў смялейшы за самiх лекараў, рызыкаваў, на любы клiч ляцеў, абы толькi даць ратунак людзям: хворых нацiраў нейкiмi таямнiчымi лекамi i штосьцi даваў выпiць, ды такiя гэта мела добрыя вынiкi, што анiводзiн не памёр з тых, каго ён наведаў.

Цуднаўскi мешчанiн, адзiн з маiх знаёмых, расказаў мне пра такое дзiўнае здарэнне. Ягоная жонка раптоўна адчула моцны боль у сярэдзiне, i зараз жа з'явiлiся ўсе прыкметы тае страшнае хваробы; дык ён паспяшаўся да нашага цудоўнага лекара прасiць дапамогi. Калi ён прыбег на хутар, то аслупянеў, уражаны незразумелым вiдовiшчам: на панадворку перад самаю брамаю ўбачыў Саматнiцкага; той выглядаў нябожчыкам: рукi i ногi былi не падуладныя яму, вочы адкрытыя, твар бледны; мёртвае цела, адарваўшыся ад зямлi, рухалася, i здавалася, што нейкая нябачная сiла кiдала гэты труп ва ўсе бакi. Мешчанiн хацеў ужо ўцякаць адтуль, але пачуў голас: "Пачакай хвiлiну, спачатку трэба, каб ты маё цела намазаў лекамi i выратаваў ад пошасцi, тады буду гатовы iсцi з табою". Праз колькi хвiлiнаў цела стала на ногi, здаровы Саматнiцкi аправiў на сабе вопратку i сказаў: "Ну, цяпер пойдзем, ведаю, чаго ты прыйшоў: жонка твая ачуняе". I сапраўды, таемнымi сваiмi лекамi ён выратаваў яе за пару гадзiн.



2 из 22