Не ведаю, як гэта растлумачыць, як сказаць так, каб ты зразумеў. Можа, ты будзеш мяне шкадаваць цi пагарджаць мною, але каб ты толькi ведаў, якi я цяпер няшчасны!

Я не хачу больш заставацца адзiн уначы. Я хачу адчуваць, што нехта ёсць побач, насупраць, што нехта можа пагаварыць са мной, штосьцi сказаць, няважна што.

Я хачу, каб некага можна было разбудзiць сярод ночы, пра нешта ў яго папытацца, пра якую-небудзь дробязь - толькi б пачуць нечы голас, адчуць, што ў маёй кватэры нехта жыве, што нечая душа не спiць, нечы розум працуе, каб раптам, запалiўшы свечку, убачыць людскi твар побач... таму што... (мне сорамна прызнацца)... таму што мне страшна, калi я адзiн. Не, ты мяне пакуль што не разумееш. Я не баюся небяспекi. Калi б у пакой зайшоў чалавек, я б забiў яго не вагаючыся. Я не баюся прывiдаў, я не веру ў звышнатуральнае. Я не веру ў мерцвякоў, бо веру ў поўнае разбурэнне кожнай iстоты, што памiрае.

Але!.. Так. Але!.. Дык вось! Я баюся сам сябе! Я баюся свайго страху, баюся гэтых сутаргаў майго неспакойнага розуму, гэтага жудлiвага незразумелага страху.

Смейся, калi хочаш. Але гэта страшна, гэта невылечна. Я баюся сцен, мэблi, звычайных прадметаў, якiя ў мяне нiбы ажываюць. Асаблiва я баюся трывожнага хвалявання думкi, баюся майго розуму, якi перастае мне служыць, затуманены i развеяны загадкавым i нябачным страхам.

Спачатку я адчуваю нейкi няясны неспакой, якi авалодвае маёй душой, ад якога ў мяне пачынаюць бегаць мурашкi па скуры. Я азiраюся. Нiкога! А я б хацеў нешта ўбачыць! Што? Штосьцi зразумелае. Бо я баюся толькi таму, што не разумею, чаму я баюся.

Я гавару - i баюся свайго голасу. Я iду - i баюся, што нехта невядомы хаваецца за дзвярыма, за фiранкай, у шафе, пад ложкам. I аднак я ведаю, што нiдзе нiкога няма.

Я нечакана паварочваюся, бо баюся таго, што ў мяне за спiнай, хоць там нiчога няма, i я гэта ведаю.

Я хвалююся, адчуваю, як мой страх расце, зачыняюся ў сваiм пакоi, кiдаюся ў ложак, хаваюся пад коўдрай. Скруцiўшыся ў клубочак, я з роспаччу заплюшчваю вочы i ляжу так цэлую вечнасць, думаючы толькi пра тое, што свечка засталася гарэць на начным столiку i што трэба яе патушыць. Але я баюся.



2 из 7