
Я цягнуўся далей, паўтараючы сам сабе: "Я ўсё роўна нiкога не спаткаю". Я зазiрнуў па некалькi разоў ва ўсе кавярнi ад Мадлен да прадмесця Пуасаньер. За столiкамi сядзелi сумныя людзi, здавалася нават, што iм не стае сiлы даесцi свае стравы.
Доўга я гэтак блукаў, пакуль недзе апоўначы не прывалокся дадому. Я быў зусiм спакойны, але вельмi стомлены. Кансьержка, якая звычайна кладзецца а адзiнаццатай, адчынiла мне адразу, насуперак сваёй звычцы, i я падумаў: "Напэўна, хтосьцi толькi што зайшоў".
Калi я выходжу з дому, дык заўсёды замыкаю дзверы на два абароты ключа. Але гэтым разам я проста пацягнуў за ручку - i дзверы адчынiлiся. Гэта мяне ўразiла. Я падумаў: можа, мне ўвечары прынеслi лiсты.
Я ўвайшоў. Агонь яшчэ гарэў i нават трошкi асвятляў кватэру. Я ўзяў свечку i пайшоў запалiць яе ад агню, але раптам паглядзеў проста перад сабой i заўважыў, што нехта сядзiць у маiм фатэлi спiнай да мяне i грэе ногi каля агню.
Я не спалохаўся, о, не, анi кропелькi. У галаву мне прыйшла зусiм верагодная здагадка: да мяне прыйшоў нехта з сяброў. Кансьержка, якую я папярэдзiў, калi выходзiў з дому, сказала яму, што я хутка вярнуся, i дала ключы. Я iмгненна згадаў усе дэталi майго прыходу: калi я пацягнуў за ручку, дзверы адчынiлiся.
Мой сябар - я бачыў толькi яго валасы - заснуў каля агню, чакаючы мяне, i я падышоў, каб яго пабудзiць. Я выразна яго бачыў: правая рука вiсела, адна нага была закiнутая на другую, галава трохi схiлiлася ўлева - было добра вiдаць, што ён спiць. Я падумаў: "Хто ж гэта?" У пакоi ўсё ж было даволi цёмна. Я выцягнуў руку, каб дакрануцца да яго пляча!..
Рука натрапiла на драўляную спiнку фатэля. Там нiкога не было. Фатэль быў пусты!
Якi гэта быў удар!
Спачатку я адступiў, нiбы перад страшнай небяспекай.
