Калi настаў дзень, я ачуўся i спакойна прадрамаў да апоўдня.

Усё скончылася. Можа, гэта была гарачка, страшны сон, цi ж я ведаю? Урэшце, я быў хворы. Дый дурны таксама.

Увесь гэты дзень мне было вельмi весела. Я павячэраў у кабарэ, паглядзеў спектакль i пайшоў дадому. Але калi я ўжо падыходзiў да дома, мяне апанавала нейкая трывога. Я баяўся зноў убачыць ЯГО. Я баяўся новай памылкi маiх вачэй, баяўся галюцынацыi, баяўся жаху, якi мяне ахопiць.

Больш за гадзiну я хадзiў туды-сюды па вулiцы. Урэшце я абазваў сябе iдыётам i ўвайшоў. Я так задыхаўся, што ледзь дабраўся да свайго паверха. Я пастаяў яшчэ хвiлiн дзесяць перад дзвярыма, пасля, напружыўшы волю, у нейкiм парыве мужнасцi павярнуў ключ. Са свечкай у руцэ я кiнуўся наперад, штурхнуў нагой прачыненыя дзверы майго пакоя i, стрымлiваючы жах, паглядзеў у бок камiна. Там нiкога не было...

Якая палёгка! Якая радасць! Ратунак! Я хадзiў сюды-туды па пакоi. Але мне ўсё ж было неспакойна, час ад часу я рэзка паварочваўся, мяне непакоiў цень у кутах.

Спаў я кепска, усю ноч мяне будзiлi нейкiя таямнiчыя гукi. Але ЯГО я не бачыў. Больш нiколi.

З таго дня я баюся заставацца адзiн уначы. Мне здаецца, што прывiд недзе побач, навокал. I ўсё ж ён болей не з'яўляўся. Зрэшты, гэта ўжо не так важна, бо я ў гэта не веру, я ведаю, што гэта глупства!

I аднак ён мяне турбуе, бо я ўвесь час пра яго думаю - правая рука вiсела, галава была нахiленая ўлева, як у чалавека, якi спiць... Ну, хопiць, халера з iм! Не хачу больш пра гэта думаць!

I ўсё ж адкуль гэтае насланнё? Адкуль гэтая неадчэпнасць? Яго ногi былi каля самага агню!

Ён не дае мне спакою. Гэта глупства, але гэта так. Хто гэта - ён? Я добра ведаю, што ён не iснуе, што ўсё гэта лухта! Ён iснуе толькi ў маёй боязi, у маiм страху! Ну, хопiць!..

Усё гэта так, але я ўсё ж нiяк не магу сябе пераканаць, набрацца смеласцi - я не магу больш заставацца адзiн у маёй кватэры, бо там - ён.



6 из 7