
Часам да Ёны сярод дня завiтвалi яго новыя сябры. Рато прыходзiў толькi ўвечары. Удзень ён быў на службе, дый, апроч таго, выдатна ведаў, што мастакi працуюць пры дзённым святле. Але новыя сябры ў Ёны амаль усе самi былi мастакi або крытыкi. Адны малявалi некалi раней, другiя яшчэ толькi збiралiся маляваць, i, нарэшце, трэцiя пiсалi пра тое, што намалёвана ўжо было цi яшчэ будзе. Усе яны, вядома, вельмi высока ставiлi творчую працу i скардзiлiся на сучасны грамадскi лад, якi так замiнае яе нармальнай плынi i не дае мастаку патрэбнага часу на роздум. Яны скардзiлiся на ўсё гэта, седзячы ў Ёны да позняга вечара, i малiлi яго не спыняць працы, не звяртаць на iх нiякай увагi i асаблiва не далiкатнiчаць - яны ж не мяшчане i ведаюць, якi дарагi ў мастака час. Ёна радаваўся, што сябры дазваляюць яму працаваць пры iх, вяртаўся да карцiны, але i тады мусiў без перапынку адказваць на бясконцыя пытаннi цi смяяцца з пачутых жартаў.
Дзякуючы такой натуральнасцi ў паводзiнах Ёны, сябры з кожным разам адчувалi сябе ўсё вальней.
