
Зрэшты, у вучняў была i iншая станоўчая рыса: яны прымушалi Ёну быць болей патрабавальным да сябе. У сваiх прамовах яны так высока ўзносiлi яго вартасцi, асаблiва дабрасумленнасць i працавiтасць, што пасля гэтага ён не мог дазволiць сабе нiякай палёгкi. Менавiта таму ён i кiнуў былую звычку згрызаць драбок цукру або шакаладу пасля заканчэння цяжкага месца ў карцiне. На адзiноце ён бы ўсё роўна ўпотай паддаўся гэтай слабасцi. Але ў яго духоўным дасягненнi яму дапамагала амаль заўсёдная прысутнасць вучняў i сяброў, перад якiмi было неяк няёмка грызцi шакалад, дый наогул - ён не мог дазволiць сабе дзеля такой нiкчэмнай прыхамацi перапыняць цiкавую размову.
Апроч таго, вучнi патрабавалi, каб Ёна заставаўся верны сваiм эстэтычным прынцыпам. Але Ёну даводзiлася доўга працаваць, раней чым яго азарала хуткая i няўлоўная блiскавiца, у святле якой рэчаiснасць на iмгненне паўставала перад яго вачыма ў сваiм некранутым выглядзе, i таму ўяўленне пра свае эстэтычныя прынцыпы ён меў даволi цьмянае. Затое ў вучняў наконт гэтага была безлiч сама супярэчлiвых i катэгарычных думак, i жартаў тут яны не прызнавалi. Часам Ёну, можа, i хацелася б дазволiць сабе нейкi капрыз, якi заўсёды быў сцiплым сябрам мастака. Але насупленыя бровы вучняў перад некаторымi палотнамi, якiя разыходзiлiся з iх уяўленнем пра прыгожае, прымушалi яго крыху больш разважаць над сваiм мастацтвам, i гэта прыносiла толькi карысць.
Нарэшце, вучнi дапамагалi Ёну i iншым чынам - яны прасiлi яго даваць ацэнку iх творам. Сапраўды, не было дня, каб яму не прыносiлi палатна з ледзь пачатым эскiзам. Каб забяспечыць свайму эцюду найлепшае асвятленне, аўтар ставiў яго памiж Ёнам i мастаковай карцiнай.
