
Такое непаразуменне памiж бацькамi аказалася выгадным Ёну. Яго мацi i бацька, вiдаць, недзе прачытаўшы цi проста пачуўшы, што iснуе мноства прыкладаў, калi ў разведзеных сем'ях вырастаюць забойцы або садысты, пачалi наўзахапкi песцiць сваё дзiця, каб у зародку вынiшчыць усялякую магчымасць такога жахлiвага вынiку. Чым менш выяўлялiся скуткi ўзрушэння, якое, на iх думку, мусiла адчуць пасля разводу дзiця, тым больш яны пачыналi хвалявацца: нябачныя раны - асаблiва глыбокiя! I кожны раз, калi Ёна быў задаволены сабою цi добра праведзеным днём, звычайнае хваляванне бацькоў даходзiла да шалёнай разгубленасцi. Знакi ўвагi падвойвалiся, i ўсе дзiцячыя жаданнi выконвалiся раней, чым хлопчык паспяваў iх выказаць.
Нарэшце, гэтая ўяўная бяда падаравала Ёну i адданага брата ў асобе яго сябра Рато. Ратовы бацькi часта запрашалi ў госцi маленькага лiцэйскага прыяцеля свайго сына, бо спачувалi хлопчыку ў няшчасцi. Iх жаласлiвыя прамовы абудзiлi ў сыне, здаравяку атлетычнага складу, жаданне ўзяць пад апеку гэтага хлапчука, лёгкiя поспехi якога ўжо тады захаплялi Рато. Захапленне i паблажлiвасць вельмi добра спалучалiся ў iх сяброўстве, якое Ёна, як i ўсё астатняе, прымаў з падбадзёрлiваю прастатой.
Калi Ёна без асаблiвых намаганняў скончыў вучобу, яму зноў пашанцавала. Ён паступiў на працу ў бацькаву друкарню, дзе заняў неблагое становiшча, а ўскосна - здабыў i прызванне мастака. Ёнаў бацька, найбуйнейшы выдавец у Францыi, меркаваў, што менавiта цяпер, падчас культурнага крызiсу, будучыня больш як нiколi належыць кнiзе. "Гiсторыя паказвае, - казаў ён, - што чым менш люд чытае, тым больш ён купляе кнiг".
