
Аднак Ёна працаваў менш, хоць i сам не мог уцямiць - чаму. Ён па-ранейшаму быў старанны, але цяпер беручы ў рукi пэндзаль, адчуваў нейкi цяжар, нават калi заставаўся адзiн. У такiя хвiлiны ён стаяў ля акна i пазiраў на неба. Ён i раней быў няўважлiвы, заўжды паглыблены ў свае думкi, цяпер ён стаў летуценны. Замест таго каб маляваць, ён думаў пра жывапiс, пра сваё прызначэнне. "Я люблю маляваць", - яшчэ казаў ён сабе, а пэндзаль звiсаў у яго руцэ ўздоўж цела, i ён прыслухоўваўся да гукаў далёкага радыё.
У гэты час яго рэпутацыя пачала падаць. Водгукi на яго працу, што з'яўлялiся ў друку, усё часцей рабiлiся стрыманымi цi нават благiмi, а некаторыя былi такiя злыя, што ў Ёны сцiскалася сэрца. Але ён казаў сабе, што i з гэтых нападак можна атрымаць карысць - яны прымусяць яго працаваць лепей. Тыя, хто яшчэ завiтваў да Ёны, абыходзiлiся з iм ужо без былой павагi, як са старым сябрам, з якiм няма чаго цырымонiцца. Калi Ёна хацеў вярнуцца да карцiны, яму казалi: "Ды ну! Паспееш яшчэ!" I Ёна адчуваў, што гэтыя няўдальцы пачынаюць ужо лiчыць яго за свайго сабрата па няшчасцi. Але з другога боку, у новых адносiнах было нешта прыемнае. Рато пацiскаў плячыма: "Ты проста дурань. Яны зусiм не любяць цябе". - "Цяпер трошкi любяць, - адказваў Ёна. - А трошкi любовi - гэта ўжо вельмi многа. Цi ёсць рознiца, чым ты яе заслужыў!" I ён па-ранейшаму гаманiў з гасцьмi, адказваў на лiсты i сяк-так, калi мог, маляваў. Зрэдку ён браўся за пэндзаль па-сапраўднаму, гэта здаралася асаблiва ў нядзелю, калi дзецi з Луiзай i Розай iшлi пасля абеду на шпацыр. I ён радаваўся, калi пад вечар праца над карцiнай трошкi пасоўвалася наперад. У тыя днi ён маляваў неба.
