
Калi ж Луiза зразумела, што Ёна цiкавiцца толькi жывапiсам, яна адразу пакiнула лiтаратуру i захапiлася выяўленчым мастацтвам. Яна пачала бегаць па музеях i выставах i паўсюль цягала за сабой Ёну, якi кепска разумеў тое, што малявалi яго сучаснiкi, i адчуваў некаторую сарамлiвасць за прастату сваiх мастацкiх прыёмаў. Аднак яму падабалася атрымлiваць такую багатую iнфармацыю пра ўсё, што тычылася яго рамяства. Праўда, ужо назаўтра ён забываў нават iмя мастака, творы якога бачыў напярэдаднi. Але Луiза мела рацыю, калi безапеляцыйна нагадвала яму адну з тых iсцiн, якiя засвоiла падчас свайго захаплення лiтаратурай: у сапраўднасцi мы нiколi нi пра што не забываемся. Зорка яўна спрыяла Ёну, якi мог такiм чынам спалучаць у сабе без лiхога намеру вартасцi добрай памяцi з выгодамi няпамятлiвасцi.
Але найбольш яркiм агнём перлы Луiзiнай адданасцi зiхацелi ў будзённым жыццi Ёны. Гэты добры анёл пазбаўляў яго ад неабходнасцi самому купляць сабе абутак, вопратку, бялiзну - ад усяго таго, што кожнаму нармальнаму чалавеку пакарочвае днi i без таго нядоўгага жыцця.
