
- I чаго ты вечна сноўдаешся тут, чаму не iдзеш у iншыя вёскi?
Ён прамоўчваў i iшоў прэч, апанаваны раптоўным страхам перад невядомым, страхам галяка, якi змушае яго падсвядома баяцца ўсяго ўсялякага: новых твараў, лаянкi, падазроных позiркаў людзей, якiм ён чужы, а найболей жандараў, што па двое пахаджаюць па дарогах; угледзеўшы iх, ён умомант зашываўся ў кустоўе цi хаваўся за кучу камення.
Варта было iм з'явiцца ўдалечынi, паблiскваючы галунамi на сонцы, як ён умiг набываў незвычайную жвавасць - жвавасць звера, якога цкуюць. Ён iмгненна саслiзгваў са сваiх мылiц, падаў, як мяшок, долу, скурчваўся, рабiўся зусiм маленечкi, непрыкметны, нiбы затоены заяц, i бурыя лахманы яго злiвалiся з зямлёю.
А мiж тым ён нiколi не меў нiякiх сутычак з палiцыяй. Але гэты страх i гэтая хiтрасць сядзелi ў яго ў крывi, быццам ён атрымаў iх у спадчыну ад сваiх бацькоў, якiх нiколi не бачыў.
У яго не было прытулку, не было даху над галавой - нават будана цi якой-небудзь нары. Летам ён спаў абы-дзе, а зiмой з выключным спрытам залазiў у якую-небудзь пуню цi ў стайню. Ён заўжды пакiдаў сваю сховань раней, чым яго заўважалi. Ён ведаў усе шчылiнкi, праз якiя можна было пратачыцца ў любы хлеў; заўсёднае карыстанне мылiцамi надало яго рукам незвычайную моц, i ён мог, падцягваючыся, ускараскацца на самыя вышкi ў адрыне, адкуль ён, здаралася, не вытыкаўся па чатыры-пяць дзён, калi яму перад гэтым шэнцiла назбiраць дастаткова харчу.
Ён жыў сярод людзей, як звер у лесе, - нiкога не ведаў, нiкога не любiў, а ў сялян выклiкаў адно абыякавую пагарду i заўсёдную варожасць. Яго празвалi "Звонам", таму што пры хадзьбе ён пагойдваўся памiж сваiмi драўлянымi апiрышчамi, як звон памiж двума слупамi.
Вось ужо двое сутак, як ён нiчога не еў. Яму зусiм перасталi даваць. Годзе, колькi ўжо можна, папраўдзе! Вясковыя кабеты яшчэ здаля крычалi яму з парога:
- Валяй, валяй адсюль, палена! Тры днi прайшло, як я дала табе кавалак хлеба!
