
- А ён добра пашукаў? - паглядзеў я на Марко i кiўнуў у бок кнiгарнi.
- Добра. I ў запiсах сваiх праверыў - няма, сказаў, болей.
Дзе ж яны могуць дастаць "Цыганiю"? У кнiгарнях тутэйшых няма, пасылаць куды-небудзь просьбы - бескарысны занятак: я ж сам пiсаў. Выпадкова хiба пападзецца ў нейкай глухой крамцы. Толькi надзея на гэта малая: не надта багата тых крамак наведваюць яны, жывучы ў глыбiнцы, ды i не вельмi як гэта кнiга будзе ляжаць там. Выдадзеная недастатковай колькасцю, яна разышлася хутка i не па ўсiх мясцiнах. Што ж, тады трэба пакарыстацца паслугамi якой-небудзь бiблiятэкi, буйной, вядома, дзе ёсць кожнае рэдкае выданне. Але ж хiба яны дамагаюцца гэтага? Хiба такое выйсце задаволiць iх у поўнай меры? Не, iм трэба, каб "Цыганiя" кожны дзень была ў iх пад рукой, неразлучна з iмi. Каб яе чыталi-перачытвалi i дзядзька Марко, i юнак, што ў капелюшы, i гэтае вось цётчына дзiця, калi яно падрасце, усе ад старога да малога. Чым жа яны горшыя за мяне, што я буду мець гэтую кнiгу, а яны не? Хiба ў iх любасць да яе меншая або яны маюць меншае, чым я, дачыненне да яе?
Пакутлiвыя развагi, i iм, каб лiшне не катаваць сябе i Марко з сябрамi, трэба было хутчэй даваць рады.
- Патрымайце, - звярнуўся я да юнака, уступаючы яму адну з дужак сеткi.
Я дастаў "Цыганiю", палез у кiшэню па аўтаручку. Што напiсаць iм на ўспамiн? Братам - ад брата. Так, а далей? Пра сумесныя клопаты i хваляваннi, пра жар узаемнай спагады i падтрымкi. Ну, i яшчэ пра шчасце-радасць на доўгiя гады. Правiльна, бадай, нешта ў такiм плане. Няхай не зусiм арыгiнальна, але затое так, як яно ёсць i як хочацца.
