
На дзвярах дробнымi залатымi лiтаркамi было выведзена: "Вiла Мiнулага".
Я спытаўся ў сябе, якi паэт, якая чараўнiца жылi ў iм, чыя натхнёная самотная душа натрапiла на гэты куток i пабудавала тут казачную хатку, якая нiбы расла ў аправе з кветак.
Крыху далей на дарозе працаваў каменячос. Я спытаўся ў яго, хто гаспадар гэтага чароўнага дыямента. Той адказаў:
- Панi Жулi Рамэн.
Жулi Рамэн! Калiсьцi ў дзяцiнстве я столькi чуў пра яе, вялiкую акторку, сапернiцу Рашэль.
Нiводную акторку так не любiлi, нiводную жанчыну так не кахалi! Колькi дуэляў i самагубстваў праз яе, колькi прыгод i скандалаў! Якi ж цяпер год спакуснiцы? Шасцiдзесяты, сямiдзесяты, семдзесят пяты? Жулi Рамэн! Тут, у доме! Жанчына, якую абагаўлялi самы вялiкi музыкант i самы славуты паэт нашай краiны! Я памятаю, калi мне было дванаццаць, у Францыi грымнулi чуткi пра яе ўцёкi на Сiцылiю з адным пасля шалёнага разрыву з другiм.
Аднаго вечара, пасля прэм'еры, калi зала пляскала ёй паўгадзiны i выклiкала на паклоны адзiнаццаць разоў, яна, як гэта рабiлася ў той час, села ў паштовую карэту разам з паэтам i паехала. Яны пераплылi мора i кахалiся на старажытнай выспе, дачцэ Элады, у засенi неабсяжнага апельсiнавага гаю, якi атуляе Палерма i завецца "Залатая Ракавiна".
Гаварылi пра iх узыход на Этну, пра тое, як абняўшыся яны схiлялiся над вогненным жаралом, быццам хацелi кiнуцца ў агнядышную зеўру.
А паэт памёр i пакiнуў нашчадкам мройлiвыя вершы, чыя пранiкнёнасць чаравала цэлае пакаленне, а летуценнасць i загадкавасць паказалi новыя шляхi пачаткоўцам.
Кампазiтар таксама пайшоў ад нас, кiнуты тою, каму ствараў бессмяротную музыку, музыку перамогi i роспачы, музыку болю i гневу.
А яна, яна была тут, у дамку сярод кветак.
Я не стаў вагацца i пазванiў.
Мне адчынiў маленькi, гадоў васемнаццацi слуга, нягеглы, з нязграбнымi рукамi. Я напiсаў у вiзiтцы шляхетны камплiмент i выказаў гарачае жаданне пазнаёмiцца. Магчыма, акторка чула маё iмя i прыме мяне.
