О! Яны так маглi спяваць песню кахання, як нiхто на свеце! Як п'янiлi мяне iх прызнаннi! Хiба знойдзецца на свеце чалавек, хто б здолеў музыкай i словам выказаць тое, што казалi яны? Цi варта кахаць, калi не можаш укласцi ў каханне ўсю музыку i паэзiю зямлi i неба? А яны, яны ведалi, як словамi i песняй зачараваць жанчыну! О! Можа, i было ў нашым каханнi больш уяўнага, чым сапраўднага, але мара ўзносiць у неба, праўда заўсёды пакiдае на зямлi. Хай сабе iншыя i кахалi б мяне мацней, усё роўна толькi праз iх я зразумела, пачула, палюбiла каханне!

I неспадзявана яна заплакала.

Яна плакала моўчкi, плачам адчаю.

Я зрабiў выгляд, што нiчога не заўважаю, i глядзеў у акно.

Праз некалькi хвiлiн яна зноў загаварыла:

- Разумееце, амаль ва ўсiх людзей душа старэе разам з целам. Я выключэнне. Майму бядачаму целу шэсцьдзесят дзевяць, а сэрцу - дваццаць. Вось чаму я жыву зусiм адна сярод кветак i ўспамiнаў...

Мы доўга сядзелi моўчкi. Яна супакоiлася i з усмешкай сказала:

- Вы будзеце смяяцца з мяне, калi я скажу... калi скажу, чым я занятая ў пагодныя вечары!.. Мне сорамна i шкада самой сябе.

Як я нi распытваў у яе, яна не хацела прызнацца, чым займаецца; тады я ўстаў i пачаў развiтвацца.

Яна ўскрыкнула:

- Так рана!

I калi пачула, што мне трэба вячэраць у МонтэКарла, яна нерашуча спыталася:

- Вы не хочаце павячэраць са мной? Мне будзе вельмi прыемна.

Я адразу згадзiўся. Яна абрадавалася, пазванiла пакаёўцы i, даўшы нейкiя распараджэннi, запрасiла мяне паглядзець дом.

Шкляная веранда, поўная маленькiх дрэўцаў, вяла ў гасцёўню, адтуль была вiдаць уся доўгая аранжарэя, якая цягнулася да гары. Нiзкi фатэль пад дрэўцамi сведчыў, што акторка часта сядзела тут.

Мы пайшлi ў сад любавацца кветкамi. Цiха наступаў лагодны цёплы вечар, калi зямля духмянiцца ўсiмi водарамi. Амаль сцямнела, калi мы селi за стол. Вячэра была смачная i доўгая. I мы сталi блiзкiмi сябрамi, калi яна адчула тое замiлаванне да яе, што нараджалася ў маiм сэрцы. Яна выпiла, як казалi тады, два мезенцы вiна i зрабiлася непасрэдная i шчырая.



5 из 7