
Не мала знаходзiлася смелых людзей, якiя iшлi на гару шукаць Жывой Вады.
Бралi яны рыдлёўкi, акопвалi гару. Але з гары сыпалiся на iх каменнi, разбiвалi iм голавы. Каршуны i ястрабы зляталiся хмарамi, выдзёўбвалi iм вочы. А пугач i сава ўночы спявалi iм "вечны спакой" сваiм жудасным крыкам.
Многа, многа людскiх касцей валялася навокал гары, а каршуны i крумкачы разносiлi iх па ўсiх кутках спустошанага краю. I людзi празвалi сваю старонку Мёртвым Полем.
Дзiка i пуста стала ў Мёртвым Полi. Людзi хадзiлi, як ценi, галодныя, прыгнечаныя. Птушкi даўно перасталi там спяваць песнi. Толькi каршуны кружылiся ў небе, каркалi крумкачы i наганялi нуду на душу людзей, невядомымi страхамi палохалi сэрца, розум.
Нават лес адмянiўся: старыя дрэвы даўно згнiлi i ляжалi ў зямлi, а новыя былi нiзкiя, крывыя, няўдалыя, - як сухотныя. Рэдка заглядалi туды хмары, i мала калi падаў дождж.
III
Насталi сухiя гады. Апошнi выдаўся такi год, што нi разу не падаў дождж за ўсё лета. Кожны дзень неба аставалася чыстым, ясным, гарачым. Усходзiла сонца, борзда сушыла расу, што блiшчала ранкам, як слёзы, на лiсцях раслiны. А сухi вецер гуляў над зямлёю, падымаў гарачы пясок, высмоктваў апошнiя сокi з зямлi. Лес, поле, луг з гаротнаю мальбою пазiралi на неба, прасiлi вады прагнаць сваю смагу. Дрэвы глуха шумелi i злiвалi свой шум у адну доўгую, невядомую людзям песню. Жаласна кiвалiся каласы ў полi, то кланялiся зямлi, то падымалiся к небу, нiбы просячы ратунку.
Нiхто не iшоў iм на дапамогу, i яны без пары старэлiся, жоўклi i без жыцця хiсталiся на сухiх сцяблiнках. Трава i кветкi цiхутка шапталi ветру аб сваёй нядолi. Цярплiвыя каменнi i тыя нылi ад жары i лопалiся. Сама зямля зморшчылася, як старушка, пакалолася i плакала. Яе слёзы апошнiмi капелькамi расы выступалi наверх, яе просьба белаватым туманам звiсала над лесам i разнасiлася ветрамi па свеце. Пакутавалi людзi, сумавала зямля i ўсё, што расло i жыло на ёй. Неўзаметку падымалiся к небу iх слёзы, падымалiся не год i не два, а цэлыя вякi, а там недзе сплывалiся ў адно месца. Тыя слёзы, горкiя скаргi, усё гора зямлi - змяшалiся разам i завiслi над ёю страшнаю чорнаю хмараю.
IV
А дзе ж дзелася Жывая Вада?
