
- Ёй - не, але, можа, там якраз грымучка. Не скажу, што няма. Паклапацiся сам.
- А-а, - сцямiў Морт. Ён павесiў на месца шланг, узяў ёмкi кiй i пайшоў за жонкай у прыбiральню. Ужо пераступiўшы парог, ён пачуў яшчэ адзiн стрэл, а калi вярнуўся, спытаўся ў Вiтэрспуна: - Яшчэ адна гатова?
- Не-а, - адказаў той.
- Што, прамазаў?
- Ды не-а. А я нi ў кога i не страляў.
- Нi ў кога не страляў? Мне здалося, што я чуў стрэл з ружжа.
- З вiнтоўкi, - паправiў Вiтэрспун.
- Ну з вiнтоўкi. Я проста ўпэўнены, што чуў, як ты стрэлiў з яе, з вiнтоўкi.
- Ну, так, але гэта не значыць, што я страляў у што-небудзь.
- А-а, - сказаў Морт, робячы выгляд, што зразумеў. - Трэба б было спусцiць крыху балоны. Можа, пазычыце мне манометр?
- Там, вунь, у нераце, на маёй раскладушцы.
- У нераце? Няўжо тут дзе-небудзь можна лавiць рыбу? - здзiвiўся Морт. Ён запытаўся пра гэта з рыбацкiм запалам, але не без ноткi недаверу.
- Пакапайся ў нераце, дык знойдзеш там i косцi. Але ж гэта не значыць, што я гуляю ў косцi сам з сабою. Ты хацеў пазычыць манометр? Ён у нераце.
Морт знайшоў манометр i пачаў спускаць шыны. Пакуль ён валэндаўся з iмi, з'явiлася мiсiс Морт i ад няма чаго рабiць падышла да Вiтэрспуна.
- Божа, тут, мусiць, страшэнна адзiнока? Часта бываеце ў горадзе?
- Штогод на каляды.
- Што вы сказалi?
- Штогод еду на каляды ў горад. Ужо дзевятнаццаць гадоў запар. Не магу прапусцiць каляды ў горадзе.
- Праўда? Уяўляю, радыё, мусiць, адзiная тут уцеха. Бачу, яно ў вас ёсць.
- Без яго нельга. У сорак восьмым мы адправiм гэтага Трумэна назад у ягоны штат Мiсуры, адкуль ён прыйшоў, яго i ўсiх астатнiх. Так, панове, я слухаю ўсе iхнiя кампанii.
- Што ж, думаю, вы маеце рацыю. Мы з мужам таксама рэспублiканцы.
- Таксама? Хм. Але я нiколi не пытаюся, адкуль чалавек, да якой партыi цi рэлiгii ён належыць. Аво! Вось яна. - Ён узняў вiнтоўку, стрэлiў i апусцiў яе. - А-а, паўзе яшчэ адна. - Другая змяя зашылася ў пясок.
