Так! Таго самага Пустасьвята, якi ўвосень скраў з палкавой стайнi казённы хамут i якi, як казалi, падчас калектывiзацыi забiў свайго бацьку-падкулачнiка. Галава Мiкiтава была пакрытая iнеем, а шырока расплюшчаныя вочы з жахам i зьдзiўленьнем пазiралi на трактарныя вагары.

Улякнуты, ён ступiў колькi крокаў назад, натыкнуўся на штосьцi жалезнае i, плюхаючыся азадкам у сьнег, здагадаўся: наляцеў на санi. Па хрыбцiне казытлiва зьбягалi кроплi халоднага поту. Давялося зварухнуцца, напяць кашулю, а потым павярнуцца, адчуўшы непрыемны сьверб ля лапаткi. За сьпiнаю тырчэла, кранаючыся шыняля, кашчавая рука з паабгрызанымi пальцамi.

Ён адхiнуўся, капнуў пры гэтым сьнег i пад азалелай рукавiцай агалiлася шчака са знаёмай радзiмкай i клок рудых валасоў. Твар нябожчыка быў страшэнна зьнявечаны: ваўкi, а мо й лiсы адгрызьлi нос, ад'елi верхнюю губу, але ён пазнаў свайго камандзёра i, правёўшы рукавом па заiнелых пятлiцах, з халодным спакоем убачыў палкоўнiцкiя "шпалы".

Дзесьцi ўдалечынi стамлёна й цьмяна бухнула гаўбiца i з трактарнай паветкi ценькiм раўчуком пасыпаўся сьнег.

"Фiнская!" - апалiла сьвядомасьць трывожная думка; ён разьмежыў зьлiплыя ад марозу павекi й панурыўся ў цёплую цемру роднае хаты.

Сэрца бiлася так, як нiколi дагэтуль: сэрца захлыналася гарачай крывёй, гатовае было вырвацца з грудзiны, i Яўхiм падумаў было, што памiрае, ды нечакана ў горле штосьцi булькнула, сэрца сунялася, зрабiлася як лядзяк халодным, i ён, глынуўшы паветра, перавёў дых.

На кухнi тахкалi ходзiкi, пад бокам сапла Агата, i да гэтых суладных гукаў далучаўся яшчэ адзiн, глухi i няўцямны, якi далятаў знадворку. Гэта бiўся рагамi ў сьценку хлява баран Мiкiта.

"Так i памерцi можна", - падумаў Яўхiм, кульнуўся на бок i прыцiснуўся схаладнелай грудзiнай да цёплай жончынай сьпiны.



2 из 32