I цяпер кожнага ранку, падстаўляючы прыгаршчы пад носiк рукамыйнiка, Яўхiм касiў вока на пажоўклы здымак i толькi пасьля гэтага плюхаў на твар халоднай вады.

На вайсковую службу Яўхiма павiнны былi ўзяць увосень 1934 года, але ня ўзялi па здароўi. Тры гады хаваўся недалуга Яўхiм ад грэблiвых дзявочых позiркаў, а ў трыццаць сёмым убiўся на працу ў эмтээсаўскую сталоўку - мыў там талеркi, калоў дровы ды насiў ваду з калодзежа, - ад'еўся на дармавых харчах i неўзабаве быў узяты ў войска. Служыць давялося ў артылерыйскiм палку, якi стаяў у мястэчку Iдрыца. Да гаўбiц яго, аднак, не падпускалi - тры гады завiхаўся ля коней на палкавой стайнi. Ну а ўвосень трыццаць дзевятага, адслужыўшы прызначаны тэрмiн, пачаў рыхтавацца да дому: цiшком сушыў сухары, прыхаваў на гарышчы стайнi чатыры кавалкi цукру, але акурат тым часам фiнская ваеншчына ўсчала правакацыi на гранiцы й пэўнай начы iхны полк узьнялi па трывозе. Станцыя Iдрыца - маленькая, хаця й вузлавая, - за ўсю сваю гiсторыю ня бачыла такога вэрхалу, якi панаваў у тую ноч... Цягам некалькiх гадзiнаў чырвонаармейцы ўсьпёрлi на пляцформы цяжкiя гарматы, загналi ў цяплушкi коней, загрузiлi фураж i на трох эшалёнах выехалi ў накiрунку Пскова.

У вапошнiм вагоне "конскага" эшалёну выправiўся ў далёкi сьвет i чырвонаармеец Яўхiм. Цэлыя суткi ляжаў ён на мяхах з аўсом, пацепваўся ад халадэчы i сумнымi вачыма глядзеў на пралом у даху старога пульмана.

У праломе шарэла асьлiзлае неба, дрыжэлi цьмяныя зоркi, гарэла ранiшняя палымнiца, чорны паравозны дым засьцiў халодную чырвань, i душа Яўхiмава не знаходзiла сабе месца ў стылай грудзiне. Яна, душа, трымцела ў чаканьнi невядомага, прагла вырвацца вонкi, i вось, дзесьцi пад Ленiнградам, калi Яўхiм канчаткова зьмерз i ад халадэчы пачаў трызьнiць, душа ягоная пакiнула грудзiну, сiганула ў пралом i паляцела разам з барвова-чырвоным дымам назад у Iдрыцу.



9 из 32