
Сярод шматлiкiх прыяцеляў пана дэ Курсiля, якiя часта гасцявалi ў замку, да нас прыходзiў былы кавалерыйскi афiцэр, удавец, пан дэ Бурнэваль, чыё прозвiшча я нашу. Гэта быў высокi хударлявы мужчына з доўгiмi чорнымi вусамi, смелы, добры i рашучы, здатны на самы адчайны ўчынак. Я вельмi на яго падобны. Розумам i выхаваннем ён стаяў вышэй за сваё асяроддзе. Яго прабабка сябравала з Ж.-Ж. Русо, i здавалася, што яму нешта перадалося ад вальнадумства продкаў. Ён ведаў на памяць "Грамадскi дагавор", "Новую Элаiзу" i iншыя фiласофскiя творы, што падрыхтавалi глебу да непазбежнага перавароту ў нашых састарэлых звычаях, забабонах, у нашых спарахнелых законах i iдыёцкай маралi.
Здаецца, яны закахалiся, але так хавалi свае пачуццi, што нiхто нi пра што не здагадваўся. Напэўна, няшчасная, гаротная, заўсёды сумная жанчына самааддана пакахала яго i з гэтага часу пачала думаць яго думкамi, засвоiла тэорыю незалежнасцi пачуцця i пагадзiлася са смелымi разважаннямi пра свабоду кахання. Але запалоханая мацi нiколi не падымала голасу, i ўсё гэта хавалася ў самых патаемных куточках яе душы, якую яна нiкому не адкрыла.
Абодва браты ўслед за бацькам не шанавалi i крыўдзiлi мацi, ледзь вiталiся з ёю i ставiлiся нiбы да прыслугi.
Толькi я шчыра любiў яе, i яна мяне таксама. Мне было васемнаццаць, калi яна памерла. Каб вы зразумелi далейшыя падзеi, мушу дадаць, што пан дэ Курсiль знаходзiўся пад юрыдычнай апекай, а пастанова пра падзел маёмасцi памiж мужам i жонкай была вынесена на карысць мацi, i, дзякуючы адмысловым правiлам закона i сумленнасцi натарыуса, яна магла завяшчаць усё па сваёй волi.
Нам паведамiлi, што завяшчанне захоўваецца ў натарыуса, i запрасiлi на яго абвяшчэнне.
Я добра памятаю той дзень. У мяне i цяпер перад вачыма гэтая ўзнёслая, драматычная i нечаканая сцэна, калi з магiлы быццам паўстала мёртвая i гнеўна патрабавала свабоды жанчыне, якую ўсё жыццё катавалi нашы звычаi i якая са сваёй наглуха забiтай труны кiнула безнадзейны заклiк да незалежнасцi.
