
Дрыжачыя рукi выцягнулiся ўверх, каб абхапiць ступнi ног. Жанчына пахiснулася, упала. Целам ейным торгаў удушлiвы плач. Першай падскочыла да яе Дуня, за ёю - Кмiтава Аўдоля й Пiлiпава Аксеня. Паднялi, ласкавым словам намагаючыся спатолiць матку. Ды галашэньне набiрала сiлы.
Дуня нiводнае сьлязы ня пусьцiла. Доўга прыглядалася павешанай сястры, быццам адубелая ўзiралася ў трох камунiстаў. Пасьля зiрнула на кiй, якiм падпёрся Антось. Раптам падскочыла да дзяцюка, маланкавым рухам вырвала кiй, ажно Дзяркач на нагах пахiснуўся. Дзiва колькi гэта дзяўчо, злосьцяй спануканае, сiлы мела. Адным скокам апынулася ля Шпунтовага Лявона i, ёмка размахваючы кiем, пачала абкладаць дзяцюка.
- Бандзюга! Басяк! Здыхляк! Злыдзень! А ты яе са сьвету зьвёў, а ты яе павесiў а нi палякi! Во, на табе!
Дуня нагадвала разьюшаную тыгрыцу. Пэўне-ж ня толькi за Параску Лявону пападала, але й за Дунiну асабiстую крыўду, за гэны гвалтоўны напад у скарбовым лесе. Махала кiем ёмка й гвалтоўна, а Лявонавы намаганьнi абаранiцца яшчэ прыспорылi яму ўрону. Калi дзяцюк выцягнуў рукi, каб злавiць кiй, дзяўчына малацiла па галаве. Цурком кiнулася з носу кроў. Мiгам падскочыў Косьцiк, але гэтта й яму дасталося. Як апантаная, Дуня таўкла й Сабакевiча. Людзi рагаталi, крычэлi й падбухторвалi.
- Маладзец. Дуня! Так iм трэба, давай iм!
- А людцы, а ягодкi мае, гляньце што робiцца!
Бахмачоў Янук разiнуў рот i веры сваiм вачом ня мог даць. З таго неспадзяванага захапленьня вярнуў яго здаравенны таўхель у бок i голас доктарава Стася: - Глядзi, Янук, глядзi якi маладзец твая дзяўчына.
Янук няўцямна зiрнуў на сябру й нiчога не адказаў. Захарук падскочыў да дзяўчыны, аблапiў яе ззаду пад рукi ды адцягнуў ад камунiстаў. Антось адабраў свой кiй.
- Бандзюга, бабнiк, чорт лазаты! - не ўтаймоўвалася маладая Макатунiшка. - Павесiць i яго, гада!
