
Як на заказ, ужо каторы тыдзень прыгожая пагода трымала. Здавалася, што запаволенае жыцьцёвае тэмпа плыло нармальна. Адылi варта было прыгледзiцца й прыслухацца вёсцы, павандраваць па ваколiцы, зазiрнуць на нiвы, у гумны, вечарам дзе на прызьбе прысесьцi, як няцяжка спанатрыць, што ў глыбiнi запаволенага пульсу жыцьця адчувалася затоенае трывожнае дыханьне. Навет дуда Хвядосава надарваным голасам цягнула.
Разам з навабранцамi павандравалi ў сьвет чужы лiтоўская весялосьць. Здаецца ўчора тое сумнае разьвiтаньне было. Утрывалiся ў памяцi гарэзьлiва-выклiкаючыя радкi песьнi Тадэўкавай:
Вы ня думайце, Палякi
што мы будзем ваяваць!
Мы засядзiм у вакопах,
самагонку будзiм гнаць.
Цi да самагонкi iм цяпер? З-над Одры й Вiслы кацiлася жахлiвае рэха. Рукi тыя, што цяпер мелi-б увiхацца з прыладамi працы сялянскае, недзе чужымi стрэльбамi й за чужыя iнтарэсы цэлiлiся ў чужых, нiякага ўрону iм не зрабiўшых людзей. Ногi, што роўным крокам сьвежыя барозны за плугамi слядзiлi-б, цяпер у абгортках жаўнерскiх i цяжкiх чаравiках перабягалi недзе палямi крывавае бойнi. Галасы, што дзетак цешылi-б i патолiлi, у чужой краiне нячысьцiкаў, вайны майстроў праклiналi. Вочы, што плёнамi працы родных нiваў любавалiся-б, недзе, жахам перапоўненыя, сьмерць i глум мерылi. Вусны, што цалункамi сваiх выбраных галубiлi-б, у дарожным пыле й гарматным дыме недзе сьмяглi. Сэрцы, што жывой любоўю да роднай старонкi поўнiлiся, у непасiльнай зьнямозе недзе крывавiлiся. Дый хто ведаў колькi iх спынiлася ўжо.
Тымчасам сяляне лiтоўскiя пра моладзь сваю ў вагнi вайны турбавалiся, зь нядобрымi прадчуваньнямi пры працы корпалiся, запаволенае жыцьцёвае тэмпа трымалi. Зямля скупыя плёны працы гаспадаром аддавала, заманлiвым асеньнiм супакоем дурманiла.
