
Лiтоўскiм сялянам дыханьне заняло. Хто-ж дзе калi такое бачыў? Навет вэтэраны першае вайны, - нашто ўжо выдумлялi - пра такое нiколi не згадвалi. Быццам на каманду, сяляне адыходзiлi на абочыны гасьцiнцу.
Янукоў Тапсiк даўгавата са Стасевым Мурзiкам нюхаўся. Гэны гул насамперш паставiў на зважай ягоныя вушы. Калi-ж пачвары выпаўзьлi зь лесу, сабака натупырыў шэрсьць на шыi, пачаў пагрозьлiва вурчэць ды iрвануў насустрач танкам з голасным браханьнем. Наўздагон пакацiўся камяк-Мурзiк ды дружна загаўкалi iншыя прысутныя сабакi. Завагаўся зь перапалоху Янука, а пасьля за сваiм гадаванцам пасьпяшыў. Тапсiк цi то гаспадаровага загаду не пачуў, цi нязвычайнае паднечаньне ягонай паслухмянай натуры замiнала. Апярэдзiўшы далёк Мурзiка, дапяў да першага танку, брахаў што моцы. Але хiтрун трымаўся воддаль ад гусянiцы, цяўкаў i на чалавека, што ўсьмешкай распрамянiўся на вежы.
Чалавек гаркнуў нешта шофэру, галава якога тарчэла сьпераду, танка пачаў звальняць i спынiўся перад самым натоўпам. Склыгалi гусянiцамi й затрымлiвалiся заднiя. Паволi людзi ўгледзелi ў чалавека на вежы па дзьве шпалы на пятлiцах каўняра, кiрпаты нос, шырокi падбародак, плоскi твар, шырака ад пераносiцы разьмешчаныя вочы. Вочы гэныя папаўзьлi па людзях, затрымалiся на браме й тады зморшчыўся нявысокi лоб.
- Што за чорт? Што ў вас гэтта? Чаму жанчына вiсiць? - спытаў парасейску шорсткi бас.
Людзi маўчалi й пазiралi на Сабакевiча. Дзяцюк падыйшоў да танку.
- Палякi павесiлi, таварышч камандзiр.
У дрыжачым голасе - нясьмеласьць, на твары - чырвань сораму.
- Павесiлi, кажаш? Дык вы-ж гэта ёлупы сабралiся з павешанай жанчынай нас сустракаць?
Цяпер чалавек выглядаў такiм грозным, як i ягоная пачвара што з задняй трубы капцiла сьмярдзючым бiнзiнным дымам.
