Каторым давялося нядзвычайную тую сцэну бачыць, да болю горка было глядзець на дрыжачую, з iконай у руцэ, старую, што ледзь на нагах трымалася, сьлёзы выцiрала. А з-над брамы адным прастрэленым i другiм цэлым вокам касавурыўся ўнiз бяздушны дыктатараў твар.

6

Ужо добра пакарацеў сонечны дзень, калi некаторыя сяляне, уволю пылу наглытаўшыся, бiнзiннага смуроду нанюхаўшыся, прыгадалi, што ад раньня нiчога ў ратох ня мелi. Пракоп паклiкаў сыноў, а Алесь - жонку й дачку. Маладыя не хацелi дадому йсьцi. Iм-бы тут цэлы дзень пралiпець i то можа мала было-б. Адно калi пачулi абяцанку, што могуць пасьля паўдня назад вярнуцца, павалаклiся ўсьлед за бацькамi.

Iшлi моўчкi. Ладны кавалак ад гасьцiнцу адыйшоўшы, спынiлiся на лекаравым жытнiшчы. З узгорку вачом iхным паказалася надзвычайнае зьявiшча. Ад глоткi гасьцiнцу ў пушчы ды аж да павароту за чыгуначным пераездам пад Лiпавiчамi, шлях стагнаў пад цяжкiмi стальнымi машынамi. Гульлiвым рэхам адклiкалася Гаравацкая пушча, шырокiм разьлiўным гоманам поўнiлiся лiтоўскiя начоўкi. I здавалася, што адно стальныя круглыя вежы, з таўстымi цыгаркамi наперадзе, паўзьлi па шэра-рудой кудзелi густога пылу. Дзесь у гэны суцэльны гул з боку Дубовiчаў уварвалася кволае бомканьне царкоўных званоў.

- Вы чуеце? Дубовiцкi абух у сваю краму клiчыць, - iранiчна кiнуў Алесь.

- Божа-ж мой, што-ж гэта будзiць! - ахнула Кацярына.

Ад часу Аленiных паховiнаў бальшыня лiтоўскiх мужчын i жанчын перасталi ў Абухаву царкву заглядаць, а хадзiлi ў далейшую Слабаду, дзе сьвятар ня толькi носьбiтам Хрыстовага слова, але й шчырым памочнiкам сялянаў быў.

- Ня чуў во мусiць, што на дарозе вытвараiцца, - спасьцярог Пракоп.

- Пачуiць, ня дзе дзенiцца. А пачуўшы, сукiн сын, можа яшчэ во да гэтых служыць папрэць, як палякам служыў, - зьедлiва дадаў Пракопаў швагра.

- Упасi цябе Бог, Алеська. Гэтыя-ж мусяць у Бога ня веруць, спахапiлася Кацярына.

Iшлi памалу, на гасьцiнец аглядалiся. Цёрлася ля ног высокае жытняе iржышча, па каторым гуртамi забаўлялiся сьвяшрчкi. Вялiкi каршун шыбануў з шырокае Архiпавае кароны, ды быццам планер, прымаючы параду, ледзь варушачы крыльлямi, плыў узбоч панцырнае калёны.



25 из 300