
Сказалi, што "доблiсная" заўтра перад абедам вызвалiць манiцца, дык браму назарэз да ранiцы трэба было скончыць. Рук не пакладаючы, ад поўначы працавалi. Добра пры тых жардзiнах, пакуль зрэзалi й папрыбiвалi, папанатужылiся. Дый без асьцярожнасьцi нельга было. Ня дай Божа, наляцi палiцыя. Косьцiк свой абрэз захапiў, каб чорту якому непаклiканаму ў выпадку чаго адбой даць.
Што й гаварыць, здорава папацелi. Ноч бяз прыгодаў прайшла. На досьвiтку такавалi дзесь заўзята ў лясной глушы цецярукi, пераклiкалiся на хутарох пеўнi, а пасьля маланкай прагрукаталi па чыгунцы з Загацьця тры паравозы й колькi вагонаў. Нячуванае-нябачанае: ажно тры паравозы на такi эшалён кароткi. Цi не пранюхаў панок якi, што "нашы" з Усходу сяньня "братом сваiм" руку падаваць маюць. Спасьцярогшы, як рука гэна перазь мяжу выцягвацца манiлася, каб ямчэй пяткi падмазаць, аж тры паравозы падпрог. Калi-ж яны ў Гацi прыджгалi, адразу пажвавеў на чыгунцы рух. Заварушылiся ў трывозе паны. Куды ўцякаць? На Захадзе Сосаў хаўрусьнiк Адольф, каторага маскалi нарабаваным ад народу дабром падкармiлi, ужо бальшыню "моцарствовай" праглынуў, страўнiк задаволена гладзiў, са смакам над Бугам аблiзваўся, на прынадны кавалак Беларусi пазiраў.
Канчаўся нарэшце кашмарны час Косьцiкаў, калi быў самым апошнiм "нiчэм", ды нараджаўся дзянёчак сьветлы, калi тым доўгачаканым "всем" расьцьвiце й ўзбуйнее. Выкачвалася з-за Гараваткi сонейка яснае.
Думка пра вялiкую перамену да шалу няпрытомнасьцi лашчыла-казытала сэрца. Скакаць i галёкаць з радасьцi напiрала. Няхай-бы гулкае рэха ад Косьцiкавага гарластага ўра па цэлай неабсяжнай Гаравацкай пушчы, па нiвах i далiнах пералiвалася!
