Раптам нос сам пачаў выцягвацца, расцi, i атрымаўся такi доўгi востры нос, што Карла нават крэкнуў:

- Нядобра, даўгаваты...

I пачаў зрэзваць кончык носа. Але зрабiць гэта было не так проста. Нос круцiўся, выкручваўся, так i застаўся - доўгiм-доўгiм, цiкаўным, вострым носам.

Карла ўзяўся за рот. Але толькi паспеў выразаць губы, - рот адразу адкрыўся:

- Хi-хi-хi, ха-ха-ха!

I высунуўся з яго, дражнячыся, вузенькi чырвоны язык.

Карла, ужо не звяртаючы ўвагi на гэтыя штукарствы, працягваў стругаць, вырэзваць, калупаць... Зрабiў ляльцы падбародак, шыю, плечы, тулава, рукi...

Але як толькi скончыў выстругваць апошнi пальчык, Бурацiна пачаў лупiць кулачкамi Карла па лысiне, шчыпацца i казытаць.

- Паслухай, - сказаў Карла строга, - я ж яшчэ не скончыў цябе майстраваць, а ты ўжо дурэць пачынаеш... Што ж потым будзе... Га?..

I ён строга паглядзеў на Бурацiна. I Бурацiна круглымi вачыма, як мыш, глядзеў на тату Карла.

Карла зрабiў яму з лучынак доўгiя ногi з вялiкiмi ступнямi. На гэтым закончыўшы работу, паставiў драўлянага хлапчука на падлогу, каб навучыць хадзiць.

Бурацiна пахiстаўся, пахiстаўся на тоненькiх ножках, ступiў раз, ступiў другi, скок, скок, - проста да дзвярэй, цераз парог i - на вулiцу.

Устрывожаны Карла пайшоў за iм.

- Гэй, дураслiвец, вярнiся!..

Дзе там! Бурацiна бег па вулiцы, як заяц, толькi драўляныя падэшвы яго тукi-тук, тукi-тук - пастуквалi па бруку...

- Трымайце яго! - закрычаў Карла.

Прахожыя смяялiся, паказваючы пальцамi на шустрага Бурацiна. На скрыжаваннi стаяў высозны палiцэйскi з закручанымi вусамi i ў трохкутным капелюшы.

Убачыўшы драўлянага чалавечка, якi бег па бруку, ён шырока расставiў ногi, загарадзiўшы iмi ўсю вулiцу. Бурацiна хацеў праскочыць у яго памiж ног, але палiцэйскi схапiў яго за нос i так трымаў, пакуль не падаспеў тата Карла...

- Ну, пачакай жа ты, я з табой ужо распраўлюся, - аддыхваючыся, прагаварыў Карла i хацеў засунуць Бурацiна ў кiшэню курткi...



4 из 69