Усе такiя факты - а колькасць iх можна было б i значна павялiчыць - цi не знаходзяцца ў супярэчнасцi з гармонiяй дабра i хараства? А калi гэта так, дык чаму ж не змагацца супраць несправядлiвасцi? I яшчэ адно важнае пытанне: як магло стацца, што лясное грамадства лiчыла гэты лад за выяўленне пэўнай гармонii дабра i хараства?

Каб адказ на такое пытанне стаў ясным, трэба паглядзець, што рабiлася тут уночы. Але наўперад трэба зазначыць яшчэ вось што (для мае казкi яно таксама мае значэнне). Нягледзячы на гэтую гармонiю дабра i хараства, лясное грамадства адчувала, што яму чагось не стае, што над iм ёсць нешта такое, што не дае паўнаты жыцця. Разумеецца, на гэта была свая прычына, але аб ёй лепш падумайце самi, бо я баюся, каб мая казка вам не надакучыла. Дык буду казаць далей.

Прыгоства чараў, павабнасць таемнасцi, страх цемры, велiзарнасць нябесных прастораў i жах перад бясконцасцю i бязмежнасцю сусвету паказвалi тут цёмныя маўклiвыя ночы. I асаблiва павабна было тут тады, калi вандроўнiцы-хмаркi пасплываюць з неба, а само яно расквецiцца незлiчонымi агеньчыкамi-зорачкамi i вышле ў дарогу блiскучы кружок месячыка. I вельмi прыгожыя былi гэтыя зоркi. Iх было так многа i так яны часамi размяркоўвалiся ў бяздонных глыбiнях неба, што ўяўлялi сабою самыя вычварныя постацi i фiгуры, вабячы хараством i недасяжнасцю. Далеч утварала гэтыя прыгожыя злучэннi зорак: такая ўжо ўласцiвасць яе, бо далеч, як нiякi ў свеце мастак, умее паказаць рэчы ў найпрыгажэйшым выглядзе. Ад рухлiвых пералiваў бляску зорных агнёў разлiвалася ва ўсе канцы свету нейкая таемная сiла i так цi iнакш кратала ўсе iстоты i змушала iх тым цi iншым спосабам адгукацца ёй.

I тады ў лесе пачыналася нешта надзвычайна цiкавае.



2 из 6