Праведзены гранiцы кожнаму з вас, каб у сваiх гранiцах выконвалi вы маю волю. Не пераступайце гэтых гранiц, не зайздросцьце малыя вялiкiм, слабыя крэпкiм, бо гэтым парушаеце волю маю. Уздымiце вочы вашы ўгару: ёсць там зоры вялiкiя i зоры малыя. Калi ж малая зорка захоча стаць вялiкаю, я палю яе пякучым агнём, а блiскучы след ад яе, што блiсне на адзiн толькi мiг, ёсць знак мае кары. А калi вы будзеце пакорныя i не пераступiце закону майго, я ўзнясу вас вышэй зорак, i вечна вы будзеце пiць асалоду. Дык слухайце i бойцеся парушыць волю маю!"

Гаварыў лясун, i словы яго закалыхвалi лес i ўсё, што было ў лесе. А месяц, спусцiўшы свае бледныя, тонкiя нiцi, цiхусенька дакранаўся да яго i навейваў яму адпаведныя сны, што яшчэ болей замацоўвала той светапогляд i тую фiласофiю, што злажылася ў лесе.

Так праходзiлi цэлыя гады i вякi.

Але кожная з'ява i кожная рэч на свеце знаходзiцца пад уплывам розных чыннiкаў, i чыннiкi гэтыя часта бываюць зусiм процiлежных катэгорый. I бывае такi момант, калi сiлы чыннiкаў розных уплываў стыкаюцца, як у полi крыжавыя дарогi, перасякаюцца ў якiм-небудзь месцы, каб падпарадкаваць сабе гэтую з'яву цi гэтую рэч, каб панесцi яе па сваёй пуцiне.

Так было i тут.

Паслала сонца свае праменнi на зямлю, каб сагрэць яе, развеяць туман i прынесцi ёй радасць i шчасце. Адзiн прамень сонца, - а яму было прызначана заранiць у сэрцы стварэнням на зямлi новыя мыслi аб новай праўдзе i справядлiвасцi на свеце, - праходзячы неасяжныя прасторы, згубiў дарогу на зямлю i заблудзiўся ў глухой цемрадзi сусвету. Даўгiя вякi блукаў ён у мiжпланетных прасторах сярод халодных пустэляў, шукаючы зямлi, i не знаходзiў яе. Схадзiў ён з канца ў канец увесь Млечны Шлях, агледзеў усе плямы туманнасцей, заходзiў на ўсе вядомыя i не вядомыя людзям планеты, насiўся па-над зорнымi краямi, зазiраў i ў iншыя краiны гэтага, страшнага ў сваёй бязмежнасцi, сусвету, а дарогi на зямлю не знаходзiў.



4 из 6