Тое шчасце было б нiчым перад тым няшчасцем, што цяпер агарнула яго. Ён быў адзiн, без дзяцей i жонкi, без нiкога на свеце. Што з таго, што ён мае дзве хаты! Навошта цяпер канчаць новую хату, калi iх няма. Хоць цэлую вулiцу дамоў дай яму. Гэта толькi павялiчыць яго смутак, нiчога яму цяпер не мiла, няма яму цяпер за што зачапiцца, каб жыць. I няма каму скардзiцца, над душой вiсiць гад з гадаў, бязлiтасны прышэлец з чужой зямлi. Пакуль чалавек жыве, ён ратуецца ад усякай злой навалы. Каб уняць свой смутак, Антон Крамарэвiч падумаў, што трэба ж жыць на свеце. Ён выйшаў, набраў лому, напхаў у печ i падпалiў. Некалькi разоў ён падкiдаў у печ дровы. Печ нагрэлася, па хаце пайшла парнасць. Ён падумаў, што будзе чад, i яму карцела iсцi шукаць людзей i зноў пытацца, цi не ведаюць дзе следу яго жонкi i дзяцей. Замест замка ён укруцiў дротам клямку i рушыў з двара. Той белы худы певень выткнуўся з-за вугла, i зноў убачыў чалавека, i зноў кiнуўся ў лес з крыкам. "Як адзiчэла птушка! Нейк жа i жыве адна, начуе сабе на плоце, жывiцца сама". Думаючы аб усемагутным жыццi, якое на кожным кроку ўкараняецца i iмкнецца да красавання, адчуваючы гэта ўсёй душой сваёй, ён пайшоў у той вялiкi пасёлак, дзе быў раней цэнтр раёна. Там ён гаварыў з людзьмi, нiчога не выяснiў i каб трохi, дык трапiў бы ў рукi палiцаяў, якiя заўважылi нейкага новага тут чалавека. Добрым змрокам вярнуўся ён дадому. Праз пабiтую шыбу дзьмуў па хаце вецер. Ён заткнуў анучаю дзiрку ў акне i агню не запальваў. Ён памятаў, што на тым дзедаўскiм круку вiсiць чорны ад гразi ручнiк. Яго не паспелi памыць. Вобмацкам ён паклаў ручнiк у ночвы, якiя бачыў у сенцах, налiў вады i абмацаў ля комiна на печы мыла. Доўга ён мыў ручнiк, i гэтая разрыўка гнала ад яго смутак. Ужо было позна, калi павесiў ручнiк на плот. У цеменi ночы ён заўважыў, што той белы певень сядзiць на плоце перад хатаю i схаваў пад крыло галаву. Яму захацелася як-небудзь прылашчыць гэтую адзiнокую птушку. Пасля ён пайшоў на той бок арабiны ў полi, дзе бачыў, калi iшоў сюды, цэлы загон нявыбранай бульбы.


21 из 55