Конныя абозы i калоны грузавiкоў тут праходзiлi часта, нават i ў гэты час, калi даўно ўжо тут не было нямецкiх салдат i толькi палiцаi трымалi сяк-так нямецкую ўладу. У гэтым жа кутку, памiж двух вялiкiх хвойных лясоў, здавалася, нiколi не знiкала i не знiкне спрадвечная цiшыня. Уяўлялася, што самы густы i напорны вецер не заб'е тут паху грыбоў i лясной трухлiны. Там, за дзесяць кiламетраў адсюль, быў да вайны раённы цэнтр, а цяпер нямецкая воласць i каменданцкае кiраўнiцтва. Тут, здавалася, усё жыло толькi зменай дзён i начэй. У дажджысты восенны дзень адзiнокi жоўты лiсток цалюткi дзень трапятаўся пад ветрам на звiслай галiне, i здавалася, што тут толькi таго i руху, што гэты лiсток, i што гэта будзе i заўтра, i далей. Узбунтаваная адчаем душа тут магла ўцiхамiрыць сваё ўтрапенне, i вечнасць тут жыла ў першародным сваiм аблiччы. Дзе-небудзь пад лясным сухастоем чарвiвее грыб, i нiхто не патрывожыць яго павольнага знiкнення са свету, пакуль ён не размыецца дажджамi. Жолуд падае з дуба, правальваецца да самай зямлi праз гнiлы пласт лiсцвянага насцiлу, ляжыць восень i зiму, прарастае, узыходзiць i расце, на доўгi век паднiмаецца маладое дрэва. Дубы стаяць, як каменныя горы. Магутная сiла i найтанчэйшае хараство злiлiся тут у непадзельнае i вялiкае, як свет, адзiнства. Ранiцай гэты куток агалашаецца самавiтым гудком з якога-небудзь блiзкага завода. А пасля на ўвесь дзень трава пачынае спяваць сваю цiхую песню пад роўным ветрам.

У гэтым кутку, дзе хадзiў цяпер Коля Сушчэвiч, была ўжо зусiм глухата. Самае люднае месца, блiжэйшае адсюль, гэта i быў той раённы пункт, за дзесяць кiламетраў, на шляху. Вiтая дарога, як размiнуцца двум з калясьмi, iшла скрозь полем, пасля бралася паўз лес, i там над ёю навiсалi, кiламетраў на два, бярозы i роўна ўзнiмаўся граб. З другой стараны iшла шырокая града хваёвага лесу, i ясным адвячоркам цiхае сонца доўга ляжала на старых хвоях. Цiхае хараство знiкала доўга i незаўважана, i здавалася, што i ўночы штосьцi ад яго асталося на дрэвах.



7 из 55