- А цi вялiкая ў вас сям'я?

- Ды вялiкая, пане ойча... Ледзьве спраўляемся з неслухамi!

Рабо згодна закiваў галавой, маўляў, праўда-праўда, ледзьве спраўляемся!

- Колькi ж дзетак у вас?

Кабета з гонарам, гучна i ўпэўнена абвясцiла:

- Шаснаццаць, пане ойча! Пятнаццаць ад мужа!

Рабо яшчэ шырэй заўсмiхаўся, закiваў галавой. Праўда-праўда, гэта ён, Рабо, бацька пятнаццацi дзяцей, сам настараўся, нiкога не прасiў! Сама жонка прызнала гэта! Значыць, i сумнявацца няма чаго! Яму было чым ганарыцца, чорт вазьмi!

Ад каго шаснаццатае? Яна прамаўчала. Вiдаць, гэта быў першынец. I, мусiць, гiсторыю з'яўлення яго на свет ведалi ўсе, бо нiхто не здзiвiўся. Нават Канiво не выявiў нiякай цiкаўнасцi.

Але тут Бэлём заенчыў зноў:

- Ой! Вой! Ммм... ммм... ммм... Глыбей, глыбей паўзе... Ой, горачка!..

Дылiжанс спынiўся каля кавярнi "Палiт". Кюрэ прапанаваў:

- А калi б трохi вады ўлiць у вуха? Можа, той звер i выплыве? Давайце паспрабуем!

- Давайце! Я ўжо на ўсё згодны.

Падарожныя вылезлi з карэты: усiм карцела паглядзець, як будуць выганяць звера.

Свяшчэннiк папрасiў тазiк, ручнiк i шклянку вады; потым загадаў настаўнiку схiлiць галаву пацыенту набок, а як толькi вадкасць трапiць у слухавы праход, хутчэй адвярнуць галаву назад.

Аднак Канiво, якi ўжо зазiраў Вэлему ў вуха, спадзеючыся ўбачыць там звера, усклiкнуў:

- Ну i мармеладу, чорт вазьмi! Давай спачатку выкалупвай усё гэта, стары. Iнакш тваё трусаня век не вылужацца з гэтага павiдла. Улiпне ўсiмi чатырма лапамi!

Кюрэ таксама агледзеў вуха i мусiў прызнаць, што з такой цеснай, бруднай нары звера не выгнаць. Давялося настаўнiку ўзяць запалку, наматаць на яе шматок анучкi i прачысцiць вуха. I вось настаў момант, калi ўсе трывожна сцiшылiся, а свяшчэннiк лiнуў у прачышчаны слыхавы праход з палову шклянкi вады, якая пацякла Вэлёму i па твары, i ў валасы, i за каўнер. Настаўнiк iмгненна, нiбыта хочучы адкруцiць, павярнуў галаву пацыенту да тазiка. У белую пасудзiну капнула некалькi кропель. Усе кiнулiся разглядваць iх. Аднак нiякага звера ў тазiку не аказалася.



5 из 8